Выхад беларускамоўнага "Гары Потэра" пераносіцца на пазнейшы тэрмін
Выхад беларускамоўнага перакладу кнігі "Гары Потэр і таемная зала" пераносіцца на пазнейшы тэрмін. Пра гэта паведаміла выдавецтва "Янушкевіч", якое займаецца выданнем серыі гэтых фэнтэзі-раманаў.
"На жаль, у нас форс-мажорныя абставіны. Пры вырабе накладу дапушчана істотная паліграфічная памылка. З тэхнічных прычын старт продажаў кнігі Дж. К. Роўлінг "Гары Потэр і Таемная зала" пераносіцца на пазнейшы тэрмін", — гаворыцца ў абвестцы выдавецтва.
Першапачаткова старт продажаў другога рамана пра маленькага чараўніка быў прызначаны на 26 верасня. Цяпер у выдавецтве кажуць, што новую дату назавуць праз некалькі дзён.
Дарэчы, некалькі дзён таму менавіта кніга "Гары Потэр і таемна зала" ўжо трапіла ў скандал. Па словах выдаўца, ён атрымаў ад мытных органаў патрабаванне гарантаваць, што ў кнізе няма заклікаў да зрынання дзеючай у Рэспубліцы Беларусь улады. У Мытным камітэце абверглі гэтае сцвярджэнне. Наклад "Гары Потэра і таемнай залы" быў надрукаваны за мяжой Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.