Вынесены прысуд былому настаўніку са Смаргоні — паўтара года калоніі
Андрэй Пятроўскі / @viasna96
Былога настаўніка са Смаргоні, 46-гадовага Андрэя Пятроўскага, прысудзілі да аднаго з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Сілавікі прыйшлі да педагога ў сакавіку. Перад гэтым яго звольнілі з гімназіі. Падставай стаў невялікі відэаролік з лагатыпам, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
Па версіі абвінавачвання, ролік "змяшчае заведама ілжывую інфармацыю, якая абражае прэзідэнта". Настаўнік віну не прызнаў ні падчас следства, ні падчас суда.
У Пятроўскага 20 гадоў педагагічнага стажу, ён скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. Калі яго толькі звольнілі, ён расказаў "Нашай Ніве" пра тое, што было на тым самым уроку грамадазнаўства ў 11-м класе. Тэма была "Сістэма міжнародных адносін". Ён тады выказаў здагадку, што ўвага сілавікоў звязаная з аповедам пра бел-чырвона-белы сцяг.
Адзін з вучняў, сын мясцовай чыноўніцы, запісаў урок Пятроўскага і выклаў запіс у "сямейным чаце". Пасля гэтага ў настаўніка і пачаліся праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.