Вызвалены ўдзельнік пратэстаў у Брэсце ў жніўні 2020-га
Суд над пратэстоўцамі ў траўні 2021-га. Сярод іх — Сімон Канцэвіч
Вызвалены ўдзельнік пратэстаў у Брэсце ў жніўні 2020-га Сімон Канцэвіч, паведамляюць праваабаронцы. Ён быў за кратамі больш за тры гады.
Канцэвіча затрымалі 28 жніўня 2020 года. У траўні 2021-га асудзілі за падзеі 10 жніўня 2020-га ў Брэсце (за ўдзел у "масавых беспарадках") на 3 гады 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тады судзілі групу пратэстоўцаў з 13 чалавек. Свой тэрмін Сімон Канцэвіч адбываў у магілёўскай калоніі № 15. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Як адзначае brestspring.org, хлопец быў асуджаны 22-гадовым, цяпер яму 25. Ён выйшаў на волю 22 верасня.
Па гэтай жа справе быў асуджаны ў лістападзе 2021-га (тады судзілі групу з 19 чалавек) да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і родны брат Сімона Філіп Канцэвіч. Праваабаронцы таксама яго прызналі палітвязнем. Філіп працягвае адбываць тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.