"Я таксама жыць хачу": пагаварылі з таксістам, які не падвозіць кітайцаў
Таксі / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
Кіроўца адной з мінскіх службаў таксі расказаў Еўрарадыё, чаму не хоча падвозіць пасажыраў з Кітая. Размова пра гэта зайшла, калі па радыё перадавалі навіну пра першы выпадак каранавіруса, выяўлены ў Беларусі.
"Не ведаю, што там далей, але я кітайцаў вазіць не буду, — абяцае кіроўца. — Дома — жонка, дзеці... Тут у прынцыпе не ведаеш, каго возіш: адзін у бальніцу едзе, другі ў тубдыспансер... Сцеражонага і бог сцеражэ".
Па словах суразмоўніка, днямі ён прыехаў на выклік і ўбачыў, што да яго ў машыну хоча сесці, як яму здалося, кітаянка. Мужчына заблакаваў дзверы.
"Акно прачыніў і кажу: "Прабачце, але я вас не павязу", — успамінае кіроўца. — Яна мне крычыць: "Не ад'язджайце, я не Кітай, я — В'етнам! Усё нармальна!" Тады я дзверы разблакаваў, яна ззаду села. Па дарозе расказала, што я быў ужо другім або трэцім кіроўцам, які адмаўляўся яе везці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.