Як стваралі герб “Пагоня” (фота)
Уладзімір Крукоўскі ўзгадвае, як ствараўся першы дзяржаўны герб незалежнай Беларусі, і расказвае, чаму яго можа намаляваць нават дзіця.
У мінскай майстэрні аднаго са стваральнікаў дзяржаўнага ў пачатку 1990-х герба “Пагоня” цесна, але ўтульна. Уладзімір Крукоўскі прапаноўвае нам прысесці на канапу і пачынае па чарзе паказваць энцыклапедычныя артыкулы, дзе падпісана яго аўтарства.
“У той нястрыманай плыні плявузгання, якая цягнецца апошнія два тыдні, увесь час узнікае пытанне: ці аўтар ён, ці сааўтар ён, якое ён увогуле мае дачыненне, — тлумачыць такі пачатак размовы мастак. — Таму я вам падрыхтаваў тое, што было пад рукамі, каб вы ўжо канчаткова пераканаліся. Большасць з гэтых артыкулаў выдадзеная яшчэ пры жыцці Яўгена Сяргеевіча Куліка. Мы з ім заставаліся шчырымі сябрамі аж да апошніх яго дзён! І паміж намі ніколі не прабягала ніякая кошка, ні чорная, ні сівая, ні рудая — ва ўсялякім разе, на гэтую тэму”.
Па словах Уладзіміра Якаўлевіча, напярэдадні прыняцця рашэння пра герб ды сцяг на сесіі Вярхоўнага Савета група мастакоў зладзіла адмысловую выставу. Яўген Кулік, Мікола Купава, Аляксей Марачкін ды ўласна Уладзімір Крукоўскі сабралі экспанаты з усёй Беларусі, з музеяў і сховішчаў, з прыватных збораў і разгарнулі экспазіцыю “Герб і сцяг” у вестыбюлі Вярхоўнага Савета. Асноўнай яе мэтай было пераканаць дэпутатаў у беларускім і славянскім генезісе "Пагоні", каб пераадолець стэрэатып наконт яе нібыта літоўскага паходжання. І для большасці дэпутатаў выстава проста адкрыла вочы, запэўнівае мастак.
Калі герб і сцяг былі зацверджаныя ў якасці дзяржаўных сімвалаў, адразу паўстала патрэба стварэння іх эталонаў. 4 кастрычніка 1991 года была сфарміраваная спецыяльная Камісія пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета для распрацоўкі дзяржаўнай сімволікі, атрыбутыкі і адпаведных дакументаў да іх. Увайшлі туды больш за 20 чалавек: вядомыя гісторыкі, мастакі, дызайнеры, мастацтвазнаўцы, геральдысты. Узначаліў Камісію дэпутат Алег Трусаў.
“Кожны этап стварэння эскізаў ды ідэй абмяркоўваўся на камісіі, даваліся парады, нешта адхілялася, узгаднялася… Але непасрэдна, так бы мовіць, аралі тры мастакі — Кулік, Купава, Крукоўскі. Хаця шмат было энтузіястаў, якія прыносілі ўласныя эскізы ды ідэі. Там жа вельмі складаная сітуацыя, бо сам малюнак складаны па сваёй канфігурацыі. Упісаць яго гарманічна ў шчыт менавіта такой формы аказалася складана. Важна, каб было запаўненне малюнкам каня і рыцара! Таму ўзнікалі пытанні, якім павінен быць меч, якая павінна быць грыва ў каня, гунька пад сядлом, што павінна быць на рыцары — панцыр ці кальчуга, карацей процьма дэталяў”.
Маторам усёй акцыі быў Яўген Кулік, чалавек выключнай мастацкай і гістарычнай эрудыцыі, глыбокіх ведаў і добрага густу, дадае Уладзімір Крукоўскі. Чалавек адданы справе, энтузіяст, бяссрэбранік, надзвычай патрабавальны, з няпростым характарам. Мікола Купава больш займаўся ўзорамі дзяржаўных пячатак, а над гербам найбольш давялося працаваць Куліку і Крукоўскаму. Калі асноўныя пытанні па эскізе былі вырашаныя, да стварэння эталону было вырашана далучыць Льва Талбузіна, які нават не ўваходзіў у спіс камісіі, але з’яўляецца вялікім спецыялістам у дробнай пластыцы. Ён і вылепіў аб’ёмны эталон “Пагоні”.
За тры месяцы працы было зроблена каля паўтары сотні эскізаў. Пэўная частка з якіх цяпер знаходзіцца ў сястры нябожчыка Яўгена Куліка. Уладзімір Крукоўскі мае іх электронныя варыянты і цяпер разам з паплечнікамі працуе над кнігай пра сімвал “Пагоня”, куды плануецца іх уключыць.
Аўтар герба “Пагоня”: Хачу, каб скончыўся амаральны сцёб са святыні
Згодна з беларускім заканадаўствам, дзяржаўныя герб, сцяг і гімн не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскага права. “Пагоня” з 7 чэрвеня 1995 года не з’яўляецца гербам, таму, на думку Крукоўскага, выява зноў перайшла ў творчую маёмасць стваральнікаў, і любое яе выкарыстоўванне мусіць быць як мінімум узгодненае з ім. З гэтай нагоды мастак і збірае матэрыял, каб падаць у суд на літаратара і музыку Алеся Плотку, гандляра кнігамі Алеся Мазаніка, Аляксея Кульбіцкага, арт-студыю Pras, “Арт Сядзібу”, краму symbal.by, ды рэдакцыю “Радыё Свабода”, якія зрабілі шэраг карыкатур і перапрацовак гербавага эталону 1991 года.
“Калі б да мяне прыйшлі з ідэяй, я б паглядзеў эскізы, паправіў бы малюнак, бо бачна, што мастачка акадэміяў не заканчвала, — Крукоўскі пераходзіць да малюнка “Вершніцы”, які Алесь Плотка размясціў на вокладцы сваёй кнігі. — Але ў друк можна было пускаць толькі са спасылкай, што для малюнка выкарыстаны эталон “Пагоні” Куліка і Крукоўскага. А так, уціхую — гэта крадзёж. А потым на ўсё гэта ўжо наваліліся маральныя аспекты. Абразы ў самім малюнку вершніцы няма, але там жа цэлы шэраг варыяцый пайшоў. Але апошняй кропляй, якая мяне прымусіла заняцца пытаннем плагіяту стала вось гэтае фота, дзе Плотка гэтай вершніцай яйцы прыкрывае. Як вы думаеце, гэта абраза, ці не? Гэта ўжо за мяжой маралі і розуму, мне падаецца!”
Мастак гатовы не даваць ходу справе, калі ўсе вышэйзгаданыя арганізацыі ды асобы “публічна прызнаюцца ў парушэнні аўтарскіх правоў, папросяць прабачэння перш за ўсё ў нябожчыка Куліка ды паабяцаюць, што больш ні ў кампазітараў, ні ў пісьменнікаў, ні ў мастакоў, ні ў каго б там яшчэ красці нічога не будуць”.
“Гэтых “Пагоняў” жа толькі ў мяне ў камп’ютары 1179 выяваў, ад дахрысціянскіх часоў да нашых дзён. Чаму ж зачапіліся менавіта за наш малюнак? — здзіўляецца Уладзімір Якаўлевіч. — Бо яго лёгка маляваць, ён дасканала вычышчаны, у ім няма нічога лішняга, нават дзіця малое можа намаляваць. Але мы ж і імкнуліся да гэтага, каб ён быў па сваёй графіцы даступны ўсім! І яшчэ адно пытанне: чаму ж ніхто з гэтых дасціпных хлопцаў не спакусіўся на сучасны герб?”
Плакаты са змененай выявай "Пагоні" уласна Уладзіміра Крукоўскага
Цяпер Уладзімір Крукоўскі збірае ўсе неабходныя матэрыялы для суда, бо не жадае цяганіны, маўляў, каб працэс прайшоў за адзін дзень Тым больш, мастак ужо мае досвед барацьбы за аўтарскія правы. На пачатку 2000-х вытворца стальных дзвярэй выкарыстаў яго плакат для рэкламы. Мастак быў адным з першых, хто выйграў суд па такой справе.
Яшчэ на пачатку размовы Уладзімір Крукоўскі паставіў ультыматум, што яна адбудзецца толькі ў выпадку, калі мы надрукуем яго зварот да колішняга старшыні камісіі па распрацоўцы дзяржаўнай сімволікі Алега Трусава. Выконваем:
Шаноўны спадар Трусаў!
У “Нашай ніве” за 25 сакавіка вы гаворыце, што “ніякага аўтарскага права ў яго (гэта значыць у Крукоўскага) няма і быць не можа, бо гэты малюнак — дзяржаўны сімвал”.
А ў кнізе “З гісторыяй на “Вы””, выдадзенай у 1994 годзе, апісваючы працэс стварэння эталонаў дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь, на 20 старонцы вы пішаце (літаральна) “Так склалася, што над эталонам герба ў асноўным працавалі Яўген Кулік ды Уладзімір Крукоўскі”.
Пытанне: Дык ці ёсць у эталона “Пагоні” аўтары?