Як у школах прасуюць за палітычныя погляды: дзве гісторыі
Мікіта Слесарчук і Мікіта Бязлюдзька са сцягам у школе
Гэтая фатаграфія зроблена 26 кастрычніка ў калідоры мінскай школы №101. На ёй двое сяброў — адзінаццацікласнік Мікіта Слесарчук і яго цёзка Мікіта Бязлюдзька. Яны зрабілі фатаграфію са сцягам 26 кастрычніка ў калідоры на перапынку. І пасля гэтага ў іх пачаліся праблемы.
"Такое дзіця нам не трэба"
— У той дзень я яшчэ быў вучнем школы №60, яна базуецца ў 101-й на час рамонту. Я і Мікіта, мой сябар, вучань 101-й школы, фатаграфіяй вырашылі выказаць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, выказаць салідарнасць з усімі людзьмі, якіх затрымалі ў тую нядзелю. Узялі сцяг і сфатаграфаваліся, — расказвае Мікіта Слесарчук. На фатаграфіі ён справа. — Праз некалькі дзён у школу прыходзіла міліцыя, як сказаў дырэктар. Магчыма, яны ўбачылі яе ў тэлеграм-каналах.
Праз тыдзень Мікіта вырашыў памяняць школу. Ён кажа, што гэта не звязана з тым, што адбылося, і не мае дачынення да палітыкі. Ды і дакументы прынялі. Але пачалося нешта незразумелае, хоць здавалася б.
— Прынялі дакументы тыдзень таму, у мінулы чацвер, залічылі, падпісалі ўсе дакументы. А ў пятніцу, на наступны дзень, звоняць па тэлефоне, кажуць, што прыходзіў чалавек па справах непаўналетніх і мне варта забраць дакументы, таму што "такое дзіця нам не трэба".
Як кажа Мікіта, ён і бацькі разумелі, што адміністрацыя дзейнічае незаконна, таму чакалі працягу гісторыі. А ён не прымусіў сябе доўга чакаць.
"Якая вучоба ў нядзелю?"
У нядзелю, 8 лістапада, Мікіта па дарозе на вучобу "выпадкова" быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПа на святлафоры на Нямізе.
— Я чакаў дазваляльнага сігнала святлафора на скрыжаванні, да мяне падышлі трое мужчын у балаклавах і папрасілі прайсці ў службовы аўтамабіль. У мяне не было ніякай сімволікі. З якой прычыны — не сказалі. Пасведчанне і дакументы — не паказалі. Я паказаў ім свае навучальныя прылады — яны задалі рытарычнае пытанне: "Якая вучоба ў нядзелю?" Я не асабліва доўга думаў, кінуў свае асабістыя рэчы, хуценька пабег у бок гандлёвага цэнтра, каб схавацца. Прабег 60 метраў, мяне збілі з ног, пашкодзілі левую руку.
У машыне Мікіту пазначылі фарбай, прывезлі ў РУУС, склалі пратакол.
— Усё як належыць, — кажа Мікіта. Праз дзве з паловай гадзіны яго выпусцілі ў рукі бацькоў. — Але мама была ў шоку, таму што я фактычна быў затрыманы за тое, што апынуўся не ў той час не ў тым месцы.
У РУУС, калі хадзілі па пратакол, міліцыянеры пыталіся, як гэта ўсё адбылося, "далі зразумець, што не трэба так больш рабіць. І наступны раз мы звычайнай вымовай не адбудзем, у іх дастаткова рычагоў ціску".
— Я хоць і юны, хоць маю грамадзянскую пазіцыю да сістэмы, якую выбудаваў адзін чалавек за 26 гадоў, хоць і разумею, што сістэма адукацыі прагніла, састарэлая і не развіваецца, але хачу, каб адміністрацыя дзейнічала па законе. Мы нанялі адваката, ён нам дапамагае ва ўсім.
Мікіта стаў пісаць пра сітуацыю ў тэлеграм-чатах. У сераду яго выклікалі на размову да дырэктара: "Неахвотна, але пакінулі мяне. Дырэктар гаварыў пра тое, што бачыў, што я пісаў у раённым чаце пра інцыдэнт. Думаю, паўплывала менавіта гэта".
У выніку Мікіта працягне вучыцца ў новай школе, але над ім вісіць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. "Сітуацыя вырашылася, справы ўладзіліся, але што будзе далей — незразумела. Невядома, як гэта паўплывае на адносіны з новымі настаўнікамі".
"Мы шукаем бандытаў"
Мікіта Бязлюдзька на фатаграфіі злева. Ён вучань 101-й школы:
— Мы вырашылі выйсці на пратэст у школе ў панядзелак, тады толькі пачалася забастоўка завадчан. Мы хацелі выказаць сваю пазіцыю і салідарнасць з імі.
Адразу ж са школы патэлефанавалі маім бацькам, маўляў, "вось вашыя дзеці прыйшлі са сцягам, будзем адпраўляць заяву ў міліцыю з гэтай нагоды".
Паводле яго слоў, дырэктар школы перадала ў чацвер у міліцыю заяву і відэазапісы з камер назірання. І ў панядзелак, 11 кастрычніка, школьнікаў выклікалі на "прафілактычную гутарку" ў міліцыю. Але аказалася, што гэта была не гутарка, а "апытанне ў рамках адміністрацыйнага працэсу ў рамках артыкула 23.34". Супрацоўнікі далі школьнікам падпісаць пратакол і сказалі, што выклічуць хутка на камісію.
— У сераду мае аднакласнікі ўбачылі, што на выхадзе са школы вельмі вялікі натоўп, вельмі шмат людзей. Адна з аднакласніц спытала, што адбываецца, у вахцёраў. На што ён адказаў: "А мы тут шукаем злачынцаў".
На вахце стаяць маніторы, куды транслюецца відарыс з камер назірання. Аднакласніца Мікіты папрасіла паказаць "злачынцаў" і ўбачыла фатаграфіі двух Мікітаў.
— Яна спытала, якія ж мы злачынцы. На яе наляцелі вахцёр і прыбіральшчыца, адразу ж сталі на яе крычаць. Гэта значыць, у школе адміністрацыя нас ужо называе злачынцамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.