Як выконваюцца планы Лукашэнкі па павелічэнні таваразвароту (словы і лічбы)

У сярэдзіне жніўня ў Беларусь прылятае прэм’ер Пакістана Наваз Шарыф. Прылятае ажно на тры дні: ускладае кветкі на плошчы Перамогі, катаецца па рэзідэнцыі на электрамабілі, праводзіць перамовы. Кіраўнік Беларусі прапаноўвае давесці таваразварот паміж краінамі да 1 мільярда долараў. Шарыф пагаджаецца і вяртаецца ў Пакістан.

Аляксандр Лукашэнка не першы раз кажа пра павышэнне таваразвароту да мільярда. Такое ўжо здаралася, напрыклад, 25 верасня 2014 года. Тады падчас візіту ў Малдову ў кіраўніка Беларусі была сустрэча з прэзідэнтам Мікалаем Цімафці. “Трэба арыентавацца на павелічэнне тавараабароту да 1 млрд долараў” (360 млн у 2013 годзе) — гаварыў Лукашэнка. Праверыць, ці рэалізавалася гэтая мара кіраўніка Беларусі пакуль немагчыма — у Белстаце яшчэ не апрацавалі ўсе дадзеныя. за 5 месяцаў 2015 году таваразварот з малдаўскімі сябрамі знізіўся амаль на 40%.

Наконт іншых спадзяванняў супрацоўнік аддзела знешняга гандлю Белстата Віталь Гуляшэвіч расказвае пра такія лічбы:

Надзеі

26 жніўня 2013 года, сустрэча з прэзідэнтам Шры-Ланкі Махіндам Раджапаксам. Таваразварот паміж краінамі — 50 млн. “Мы поўныя рашучасці значна яго развіваць і давесці да больш сур'ёзнага ўзроўню”, — кіраўнік Беларусі поўны планаў.

Рэальнасць

Таваразварот паміж Беларуссю і Шры-Ланкой у наступным 2014 годзе склаў 38,5 мільёнаў долараў. 27,4 прыйшлося на экспарт, 11,1 — на імпарт. За 5 месяцаў года таваразварот 92,2% ад такога ж перыяду мінулага году.

Надзеі

29 сакавіка 2013 года адбываецца сустрэча з міністрам замежных спраў Турцыі Ахметам Давутаглу. Лукашэнка: “Для нас вельмі важны ваш візіт у Мінск. І я вельмі спадзяюся, што ў выніку мы выйдзем на некалькі напрамкаў супрацоўніцтва, якія могуць значна актывізаваць гандлёва-эканамічныя сувязі і аб'ёмы гандлю… Давайце пацвердзім гэта справай”.

Давутаглу пагаджаецца: “Мы маглі б павялічыць наш тавараабарот у гэтым годзе да 1 млрд долараў, А на працягу двух-трох гадоў — і да некалькіх мільярдаў”.

Рэальнасць

629,2 мільёны долараў таваразвароту за 2014 год. 166 — беларускі экспарт, 463,2 — турэцкі.

Селета пакуль нагандлявалі на 4.3% больш.

Надзеі

19 сакавіка 2013 года, сустрэча з прэзідэнтам Інданэзіі Сусілам Бамбангам Юдаёна. Таваразварот за 2012 год — 133 млн. “Упэўнены, што калі сёння мы правільна вызначым кропкі росту і закладзем аснову для развіцця адносін на доўгатэрміновую перспектыву, то ў бліжэйшыя год-два нам удасца патроіць аб'ёмы ўзаемнага гандлю. Гэта задача-мінімум”, — спадзяецца кіраўнік Беларусі.

Рэальнасць

Таваразварот за 2014 года паміж Беларуссю і Інданэзіяй склаў 215,1 мільёна долараў. 190,9 з якіх прыпадае на экспарт з Беларусі, а ўсяго 24,2 — пастаўкі з Інданэзіі.

Надзеі

12 сакавіка 2013 года, сустрэча з прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам. Таваразварот — 150 млн. “Гэта кропля ў моры, і задаволіць нас ніяк не можа. Грунтавацца толькі на гандлі — гэта мінулае стагоддзе, трэба ісці далей… Трэба павялічыць тавараабарот паміж дзвюма краінамі да 0,5 млрд”.

Рэальнасць

Таваразварот у наступны год пасля сустрэчы складае 243 мільёны долараў. 114,6 — беларускі экспарт, 130,4 — імпарт у Беларусь з Сербіі. Сёлета пакуль гандлюем на 35% больш

Надзеі

24 траўня 2012, сустрэча з міністрам замежных спраў Бангладэш Дзіпу Моні. Таваразварот у 2011 годзе 140 млн. “У гэтым годзе мы не так актыўна гандлюем, але я спадзяюся, што наперадзе яшчэ год. У нас ёсць вельмі шмат таго, у чым мае патрэбу Бангладэш”.

Бязлітасная рэальнасць

Усяго 133,3 мільёны таваразвароту. Нават менш, чым у год перамоваў. 115,4 мільёна — беларускі экспарт, 17,9 мільёнаў — пастаўкі з Бангладэш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі