Якія стадыёны пабудавалі ў свеце, пакуль у Мінску здымалі "брыль" з “Дынама”
Праз месяц спаўняецца пяць гадоў, як у цэнтры Мінска ідзе вялікая пыльная будоўля — рэканструкцыя стадыёна “Дынама”. Чыноўнікі абяцалі адкрыць легкаатлетычны комплекс ужо сёлета, але ўсё, на што іх хапіла — абвясціць пра чарговы перанос, на лета 2018-га. Гэта раз’юшвае Аляксандра Лукашэнку, які загадвае прытрымлівацца ўзгодненых тэрмінаў.
Пяць гадоў таму: венгры, немцы, “Трайпл”
У кастрычніку 2012-га Лукашэнка спадзяваўся, што галоўны футбольны стадыён краіны атрымаецца перабудаваць у легкаатлетычны за два гады. Але праз год на “Дынама” запрасілі… не будаўнікоў, а гандляроў. Доўгі час вакол стадыёна ў цэнтры сталіцы існаваў рэчавы кірмаш. Пасля навінаў пра будоўлю 90% прадпрымальнікаў пакінулі свае месцы. А высветлілася, што можна было нікуды не сыходзіць!
Чыноўнікі мянялі падрадчыкаў, як пальчаткі. За справу браліся венгры — ім адмовілі. Немцам заплацілі за праект — але будоўля падалася задарагой. Аб’ектам цікавілася кампанія “Трайпл” Юрыя Чыжа… Тэрміны пераносіліся ледзь не кожны месяц. Даходзіла нават да 2019 года!
Але вось, год таму чыноўнікі ў адзін голас заявілі, што “Дынама” дабудуюць у канцы 2017-га. Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін нават пахваліў рэканструкцыю за тое, што яна "добра арганізаваная і эфектыўная".
Не атрымалася
У чым магія “Дынама”? Еўрарадыё вырашыла паглядзець навокал Беларусі. Няўжо на тое, каб пабудаваць стадыён, сапраўды трэба пяць гадоў?
Далей пералічаная толькі малая колькасць ад усіх стадыёнаў, пабудаваных у свеце з 2012 года. Як іх карэктна параўнаць паміж сабой? Давайце падлічым, колькі "каштуе" адно глядацкае крэсла на кожным са стадыёнаў. А заадно — з якой хуткасцю на трыбунах з'яўляліся б крэслы, калі размеркаваць іх на кожны дзень будоўлі.
Для "Дынама" (пры бюджэце ў $130 млн, змяшчальнасці ў 20 тысяч гледачоў і ўмове, што стадыён здадуць у снежні 2017-га) гэтыя паказчыкі будуць роўныя $6500 за адно крэсла і 11 крэслаў/дзень. Скажам загадзя — не самы горшы вынік па кошце крэсла, асабліва калі глядзець на ўсход. Але па тэмпах будаўніцтва — правал.
“Альянц Рыўера” у Ніцы: 2 гады і 2 месяцы
6877 еўра за крэсла, 44 крэслы/дзень
Стадыён на 35 тысяч гледачоў пабудавалі ў Ніцы ў 2013-м. Гэта хатняя арэна клуба “Ніца”. “Альянц Рыўера” прымала матчы чэмпіяната Еўропы па футболе 2016 года.
“Казань-Арэна”: 3 гады
$10000 за крэсла, 41 крэсла/дзень
Хатняя арэна ФК “Рубін” на 45 тысяч гледачоў. Што праўда, каштаваў стадыён утрая больш за чаканы кошт “Дынама”. Але ў Расіі ўмеюць будаваць дорага.
“Амазонія” (Бразілія): 3 гады
$4642 за крэсла, 39 крэслаў/дзень
Стадыён на 42 тысячы гледачоў будавалі да чэмпіяната свету 2014 года ў Манаўсе — невялікім бразільскім горадзе памерам з Мінск. Справіліся за 3 года і $195 млн — нам бы хаця б так!
“Барысаў-Арэна”: 3 гады 6 месяцаў
$4420 за крэсла, 10 крэслаў/дзень
Стадыён для БАТЭ будавалі з лістапада 2010 года па травень 2014-га. Ён меншы за той, што будуюць зараз у Мінску. Менавіта тут, у 100 км ад сталіцы сёння вымушаная праводзіць хатнія гульні зборная Беларусі па футболе.
“Гроўпама-Арэна” (Венгрыя): 1 год і 3 месяцы
1818 еўра за крэсла, 48 крэслаў/дзень
Хатняю арэну зборнай Венгрыі і клуба “Феранцвараш” збудавалі крыху больш за год — і крыху больш за 40 млн еўра. Яна ўмяшчае 22 тысячы гледачоў. Дзе тая вянгерская кампанія, з якой дамаўляліся на стадыён у Мінску!
“Конья” (Турцыя): 2 гады
$1023 за крэсла, 57 крэслаў/дзень
А ў гэтым турэцкім стадыёне ёсць таксама басейн і веладром. Змяшчальнасць — 42 тысячы гледачоў. Кошт: $43 млн.
“Матмют Атлантык” (Францыя): 2 гады
3989 еўра за крэсла, 57 крэслаў/дзень
Незвычайны стадыён у Бардо каштаваў €168 млн і быў пабудаваны ў 2013-2015 гадах. За час, калі са стадыёна “Дынама” дэмантавалі "брыль" і частку крэслаў.
“Кампеон-дэль-Сігла” (Уругвай): 2 гады 4 месяцы
$1095 за крэсла, 42 крэслы/дзень
Стадыён на 40 тысяч чалавек пабудавалі ў Мантэвідэа за 2 гады. Гэта каштавала $46 млн. — утрая танней за мінскі стадыён. Што праўда, тут няма казырка. Але, відаць, у сталіцы Уругвая ён і не патрэбны.
Стадыён ФК “Краснадар”: 3 гады 5 месяцаў
$9411 за крэсла, 26 крэслаў/дзень
Стадыён змяшчальнасцю ў 34 тысячы гледачоў быў пабудаваны ў 2016 годзе. Праект распрацоўвалі немцы, будавалі туркі. Уладальнік клуба заявіў, што стадыён каштаваў 20 млрд расійскіх рублёў ($320 млн) і “ніколі не акупіцца”.
“Ванда Метрапалітана” (Іспанія)
3582 еўра за крэсла, 30 крэслаў/дзень
Хатні стадыён мадрыдскага “Атлетыка” будаваўся 6 гадоў — з 2011 па 2017 год. “Метрапалітана” каштаваў клубу €240 млн. Фанаты ўжо выкупілі на наступны сезон 45 тысяч крэслаў з 67 тысяч, якія ёсць на арэне. Цікава, што “Атлетыка” будаваў свой новы стадыён на месцы ўжо існуючага, які называўся “Ла Пейнета”. Можа, гэта сапраўды доўга?