Якой будзе галоўная страва на навагоднім стале ў вядомых беларусаў

Якой будзе галоўная страва на навагоднім стале ў вядомых беларусаў

Пры словах “навагодні стол” адразу чамусьці ў галаву прыходзіць салата аліўе. Нібыта без міскі гэтай стравы на ганаровым месцы Новы год не надыдзе!

Вырашаем пацікавіцца, якая страва будзе галоўнай на навагоднім стале ў вядомых беларусаў.

Легенда айчыннага року Лявон Вольскі прызнаецца: яшчэ колькі гадоў таму і ў іх сям’і традыцыйна галоўнай стравай на навагоднім стале “былі розныя аліўе”. Але нядаўна Вольскія вырашылі ад гэтай традыцыі адмовіцца і цяпер кожны год загадзя шукаюць, выбіраюць і гатуюць нейкую новую “навагоднюю” страву. Вось, кажа Лявон, сёлета вырашылі рабіць “паэлью з морапрадуктамі”.

“Рэцэпт мы знайшлі, безумоўна, і будзем гатаваць 31-га. Што там галоўнае: крэветкі, мідыі, можна каракаціцу, можна грабеньчыкі марскія. Лішне казаць — рыс, безумоўна — цыбуля, часнок. І можна набыць бляшанку італьянскіх памідораў, ужо парэзаных — таксама туды ідзе. Астатняе… не памятаю. Але асноўнае гэта!”

                          Лявон Вольскі

Дзе сям’я Вольскіх будзе сустракаць Новы год, пакуль не вырашана, прызнаецца Лявон. Ці то ў Мінску, ці то на вёсцы.

Выбітную беларускую гімнастку Меліту Станюту знаходзім на Шры-Ланцы. Віншуем з надыходзячым і пытаемся пра любімую навагоднюю страву.

“Грыбныя катлеты маёй бабулі! Гэта для мяне самае-самае! — імгненна адказвае гімнастка. Праўда, шчыра прызнаецца, што рэцэпту іх не ведае. — Ніколі сама не спрабавала іх гатаваць. Адно ведаю, што грыбы там дакладна ёсць!”

                                          Меліта Станюта

Меліта перадае ўсім слухачам Еўрарадыё шмат сонца і поспехаў ва ўсім у наступным годзе. А мы ўсё ж дастаём рэцэпт улюбёнай стравы спартсменкі.

Рэцэпт грыбных катлет "ад бабулі Станюты". Неабходна ўзяць 250 грамаў грыбоў, 0,5 шклянкі рысу, 1 цыбуліну, 1-2 яйкі, муку альбо сухары, соль ды перац па смаку. Грыбы зварыць і дробна нарэзаць, 1,5 шклянкі грыбнога адвару пасаліць, давесці да кіпення. Потым у ім варым рыс да поўнай гатоўнасці. Звараны рыс змешваем з грыбамі і дробна нарэзанай цыбуляй, дадаём чорны молаты перац. Усё добра перамешваем, лепім катлеты, якія абвальваем у муцэ ці сухарах. Мочым катлеты ў яйку і апускаем у моцна разагрэты алей.

Высвятляецца, што і сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ёсць як мінімум адзін чалавек, у якога фаршыраваныя грыбамі катлеты будуць галоўным пачастункам на святочным стале.

“Мая ўлюбёная страва — гэта тушаная бульба з чарнаслівам і катлеты з грыбамі. Гэта тое, што мы кожны год робім. Ну і, зразумела, салаты і ўсё астатняе, што ў кожнага заўжды ў такі дзень на стале”, — кажа дэпутат парламента, сябра Камуністычнай партыі Беларусі Валянціна Леаненка.

І дзеліцца нескладаным рэцэптам сваіх “фірмовых” катлет.

“Бяру звычайны фарш для катлет, а ўнутр кладу кавалачак масла і грыбы. Грыбы набываю ў краме — шампіньёны, якія спачатку дробна наразаюцца, абсмажваюцца, а потым у катлеты кладуцца. Ну, і ўсё гэта спачатку абсмажваецца, а потым тушыцца. Нічога складанага, усё проста”.

Можа, у апазіцыйных палітыкаў ёсць нешта навагодне-арыгінальнае ды незвычайнае? Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, як высветлілася, яшчэ не думала пра навагодні стол.

“У мяне ёсць кніга “Святочныя рэцэпты ад Арыны Лісецкай”. У яе вельмі ўсё смачна там і рэцэптаў святочных сапраўды шмат — што-небудзь адтуль прыгатую. Тым больш што я ўжо па яе рэцэптах спрабавала і паштэт рабіць, нейкія закускі святочныя. Я люблю гатаваць нешта такое, чаго раней не гатавала. Каб для мяне быў эфект навізны. Можа, паспрабую качку прыгатаваць гэтым разам”, — кажа Караткевіч.

                                                    Таццяна Караткевіч

Ну што ж, запытаемся ў самой Арыны Лісецкай, што яна будзе есці ў навагоднюю ноч.

“Кожны год мы гатуем індыка. Гэта мая фішка. Да мяне гэта ад матулі перайшло. Спачатку гусака гатавалі, але цяпер індыка — яго можна ўжываць матулям, якія кормяць немаўля. Рэцэптаў даволі шмат, але менавіта гэтым разам ён будзе фаршыраваны тым, што можна есці матулям”.

Арына кажа, што звычайна ў індыка кладзе шмат розных траваў, але цяпер ёй гэтага нельга, таму фаршыраваць індыка будзе яблыкамі і, калі знойдзе, персікамі. Пры жаданні можна дадаць курагі. Месца, праз якое індыка фаршыравалі, закладаецца паловай свежага лімона і ставіцца ў духавую шафу: 200 градусаў — на 45 хвілін і яшчэ 1 гадзіну 20 хвілін трымае пры тэмпературы 180 градусаў. Пасля прыгатавання індыка глазуруюць. Раней, кажа, глазуравала ў мёдзе, але сёлета інгрэдыент яшчэ не выбрала.

                                        Арына Лісецкая

Карацей, каму хочацца не міску банальнага аліўе на святочным стале пабачыць, а нечага арыгінальнага, то раім вам праглядзець альбо кнігу з рэцэптамі ад Арыны Лісецкай, альбо кнігу з рэцэптамі беларускай кухні “Наша страва”. Смачна есці!

Фота: Змітра Лукашука, з архіваў Меліты Станюты, Арыны Лісецкайwww.medweb.ru 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі