Ярмошына: Часам кандыдатаў даводзіцца набіраць добраахвотна-прымусова

Еўрарадыё: Да мясцовых выбараў цікавасць у выбаршчыкаў не вельмі вялікая. Тым не менш вы выказваеце спадзяванне, што “выбаршчыкам не будзе сумна”, бо “ёсць рэальная альтэрнатыва”. Але ж шмат дзе выбары будуць безальтэрнатыўнымі…

Лідзія Ярмошына:  Цяжка казаць сёння, колькі акруг будзе безальтэрнатыўнымі — звычайна ў апошні дзень прэтэндэнты ў дэпутаты даносяць дакументы на рэгістрацыю. Тым не менш ужо сёння можна казаць, што ў пераважнай большасці сельскія і пасялковыя акругі будуць безальтэрнатыўнымі. Але там гэта не ўплывае на актыўнасць выбаршчыкаў — там людзі на выбары ўсё адно ходзяць. А тое, што няма альтэрнатывы… Ведаеце, там увогуле праблема падабраць кадры і дамовіцца з людзьмі, каб яны пагадзіліся ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў. І гэта большая частка нашых выбарчых акруг — сельскія і пасялковыя — іх больш за 1 тысячу. Але я вам скажу, што ў Мінску за тыдзень да заканчэння тэрміну падачу дакументаў ёсць акругі, дзе па 5 кандыдатаў вылучылася, але каля 5 акруг былі безальтэрнатыўнымі.

Еўрарадыё: Ці будзе на гэтых выбарах такая ж вясёлая агітацыйная кампанія, як, да прыкладу, падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года?

Лідзія Ярмошына: У прэзідэнцкія выбары былі ўкладзеныя сродкі — хай не заўсёды легальныя, але яны былі ўкладзеныя. І працавалі вялікія каманды, часцяком — крэатыўныя. Таму і весела было. На мясцовых выбарах за дэпутацкія мандаты з такой актыўнасцю змагацца не будуць. Можа, у Гомелі, дзе праходзяць парламенцкія выбары, на Навабеліцкай выбарчай акругі нешта такое будзе сустракацца — там 8 прэтэндэнтаў ужо. Магчыма, у вялікіх гарадах кандыдаты сфармуюць свае фонды. Дарэчы, не вельмі дорага каштуюць бігборды — па кішэні большасці кандыдатаў размясціць там свой партрэт на месяц.

Еўрарадыё: Вы лічыце гэта нармальна, калі людзей трэба ўгаворваць ісці дэпутатам сельскага ці пасялковага савета?

Лідзія Ярмошына: Калі ў нас гэтыя Саветы ёсць, то іх неабходна напаўняць. І гэта нармальна, што даводзіцца ўгаворваць на дэпутацтва — ва ўсім свеце на такія грамадскія працы адбываецца добраахвотна-прымусовы набор. Прынамсі, калі я спыталася ў Швейцарыі, як фармуюцца участковыя камісіі, мне адказалі, што добраахвотна-прымусова. Там, дзе ёсць грамадскія паслугі, выкананне якіх не дае ніякіх прывілей, з людзьмі трэба размаўляць і дамаўляцца. Не, мясцовыя кіраўнікі могуць нават пакрыўдзіцца, калі ім не прапанаваць стаць дэпутатам хаця б сельскага савета — гэта нібыта пацверджанне іх статусу. Але застаюцца яшчэ мандаты, якія неабходна запоўніць і іх прапаноўваюць простым супрацоўнікам. А яны не бачаць патрэбы выконваць нейкую грамадскую працу задарма. Вось таму я і з’яўляюся прыхільніцай рэформы, якая прадугледжвае скасаванне сельскіх і пасялковых саветаў — на мясцовым узроўні стварыць сельскія адміністрацыі, дзе старшыня сельвыканкама выконвае функцыі і старшыні сельсавета. Але ёсць і рамантычны пункт погляду, што дэпутат сельскага савета — гучыць горда, і гэта неабходна людзям.

Еўрарадыё: Зараз будуць даабіраць аднаго дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Але ж вядома, што двух парламентарыяў прызначылі губернатарамі, яшчэ аднаго — старшынёй райвыканкама. Сёння яны і дэпутаты парламента, і чыноўнікі. Але ж гэта супрацьзаконна!

Лідзія Ярмошына: Мы не даём ацэнку законнасці знаходжання ў статусе дэпутата — гэта не нашы паўнамоцтвы. Мы вызначаем і прымаем меры для правядзення выбараў толькі ў тым выпадку, калі акруга становіцца вакантнай. Акругі вакантнымі не сталі, таму гэта — бессэнсоўная размова.

Еўрарадыё: То, магчыма, падчас веснавой сесіі парламентарыі пазбавяць дэпутацкіх паўнамоцтваў сваіх калег, прызначаных на дзяржпрацу?

Лідзія Ярмошына: Ведаеце, але ў такім выпадку і выбары новых дэпутатаў праводзіць бессэнсоўна. Бо бліжэйшая выбарчая кампанія — выбары прэзідэнта ў 2015 годзе. І да наступных парламенцкіх выбарах застанецца менш за год. На год абіраць дэпутата няма сэнсу, і выбары праводзіцца не будуць.

Еўрарадыё: Значыцца, ім давядзецца сумяшчаць дзве пасады да канца тэрміну, нягледзячы на тое, што гэта супярэчыць патрабаванням закону “Аб Нацыянальным сходзе”?

Лідзія Ярмошына: Ну, а што?! Скаргаў ад выбаршчыкаў няма. А значыцца, гэтае сумяшчэнне не вядзе да таго, што правы выбаршчыкаў у нечым парушаныя.

Еўрарадыё: У апошнія дні ў СМІ наноў абмяркоўвалася пытанне магчымасці стварэння “партыі ўлады”. Як вы лічыце, журналісты штучна ўзнімаюць гэта пытанне ці яно саспела?

Лідзія Ярмошына: Хутчэй, гэта журналісцкая цікаўнасць. Пакуль улада не адчувае патрэбы ў стварэнні такой партыі ўлады. Прынамсі, я не адчуваю гэтай патрэбы. І гэта тэма не з’яўляецца такой злабадзённай, каб пра яе казалі ў кабінетах. Так, ёсць пэўная частка людзей, якія працуюць у галіне паліталогіі, ідэалогіі — магчыма, яны жывуць гэтай ідэяй. Я выказала сваю асабістую пазіцыю, якая ні з кім не ўзгодненая: такая партыя можа быць. Толькі тады трэба мяняць існуючую выбарчую сістэму. Магчыма, ёсць тыя, хто лічыць, што партыя можа існаваць і ва ўмовах мажарытарнай выбарчай сістэмы. Карацей, гэта пакуль развагі пра магчымыя шляхі развіцця нашай палітычнай сістэмы.

Еўрарадыё: Ці патрэбна нам ўвогуле партыя ўлады пры існуючай у краіне палітычнай сістэме? Ёсць “Белая Русь” і дастаткова ўладзе гэтага?

Лідзія Ярмошына: “Белая Русь” у пэўным сэнсе адлюстроўвае дзяржаўную ідэю на грамадскім узроўні. Але як грамадскае аб’яднанне яно не мае права браць удзел у выбарах на роўных з іншымі палітычнымі партыямі. “Белая Русь” вядзе статыстыку: колькі яе сяброў ці сяброў іншых грамадскіх аб’яднанняў, такіх як “Саюз жанчын”, сябрам якога я з’яўляюся, вылучыліся кандыдатамі. Але ж яны вылучаюцца іншымі сродкамі — не па партыйных спісах. І тут пэўная праблема: з аднаго боку, уплыў ў той жа “Белай Русі” ёсць, але ён юрыдычна не аформлены. Ці трэба ствараць партыю? Гэта звычайная міжнародная практыка: калі адны партыі ствараюцца, іншыя — развальваюцца…

Еўрарадыё: Вы сябра “Саюза жанчын” — а чаму не “Белай Русі”?

Лідзія Ярмошына: Ніхто не запрашаў, не прапаноўваў.

Еўрарадыё: Можа, пяройдзеце ў “Белую Русь”, калі яна стане партыяй?

Лідзія Ярмошына: Не магу — паводле закона сябры Цэнтрвыбаркама павінны прыпыніць сяброўства ў партыі. Дарэчы, я ніколі не была ні ў якой партыі — нават у КПСС. Я абсалютна беспартыйны, не палітызаваны чалавек.

Еўрарадыё: Калі рашэнне аб стварэнні партыі ўлады будзе прынятае, то на якую выбарчую сістэму вы параілі б перавесці краіну: прапарцыйную ці прапарцыйна-мажарытарную?

Лідзія Ярмошына: Я лічу, што ў нашай невялікай краіне трэба выбіраць нешта адно: альбо мажарытарная, альбо прапарцыйная. Бо інакш у нас мажарытарныя акругі будуць занадта вялікія. І тады функцыя даступнасці дэпутата для кожнага выбаршчыка будзе цалкам страчаная. Акруга ў 130 тысяч выбаршчыкаў — гэта, па сутнасці, горад Бабруйск. Дэпутату будзе праблематычна забяспечыць магчымасць зносінаў з ім кожнаму выбаршчыку. Таму, трэба будзе выбраць нейкую адну выбарчую сістэму. У той жа час, за мяжой, дзе дзейнічае прапарцыйная сістэма, людзі схіляюцца да “індывідуалізацыі”, каб больш увагі звяртаць не на партыйную платформу, а на асобу дэпутата, народнага абранніка. А гэта — асноўны пастулат мажарытарнай сістэмы. Тым не менш прапарцыйную сістэму можна з розумам выкарыстоўваць. Калі мяне яшчэ пускалі ў Еўропу і я была ў Фінляндыі — яны лічаць, што ў іх прапарцыйная сістэма, але там за кожнага кандыдата галасуюць індывідуальна. Ты можаш быць лідарам партыі і не прайсці ў парламент — за цябе не прагаласуюць. Партыйны спіс усё адно фармуецца выбаршчыкамі. І гэта, на мой погляд, і з’яўляецца самай правільнай сістэмай.

Еўрарадыё: Якую б вы мяжу вызначылі — колькі адсоткаў галасоў выбаршчыкаў павінна набраць партыя, каб прайсці ў парламент?

Лідзія Ярмошына: Не больш за 5%. А можа, і менш, трэба глядзець…

Еўрарадыё: Ці здолеюць пры такой выбарчай сістэме апазіцыйныя партыі нарэшце трапіць у парламент?

Лідзія Ярмошына: Калі зменіцца сістэма — партыі пачнуць расці, да іх будуць прыходзіць “свежыя штыкі”. Усё залежыць ад таго, якая партыя здолее “расквітнець” ва ўмовах перадвыбарнай падрыхтоўкі. Шмат будзе залежаць ад лідара, ад фінансавання і ад таго, ці не занадта яны радыкальныя — партыі з радыкальнымі ідэямі наўрад ці набяруць неабходную колькасць галасоў, каб прайсці ў парламент. А вось партыі “прагматычнай апазіцыйнасці”, думаю, маюць шанцы.

Еўрарадыё: У нас прывыклі да таго, што калі кіраўнік краіны пачаў разважаць пра магчымасць стварэння нечага, чыноўнікі адразу кідаюцца гэтыя развагі ажыццяўляць…

Лідзія Ярмошына: Я не думаю, што гэта пытанне знаходзіцца ў гатоўнасці такой ступені. Прэзідэнт задаў тон для дыскусіі, для разваг, для прапаноў. Пакуль ён задаў тон. Вызначыў нейкую магчымую праграмную мэту з пункту гледжання палітычнага развіцця нашага грамадства. А што будзе прапанавана, якія ідэі, наколькі яны пададуцца сімпатычнымі кіраўніку дзяржавы…

Еўрарадыё: Калі рашэнне аб стварэнні партыі ўлады будзе прынятае, то ці паспееце вы ўнесці ўсе неабходныя змены ў заканадаўства, каб наступныя парламенцкія выбары правесці паводле новай выбарчай сістэмы?

Лідзія Ярмошына: Калі гэта рабіць, то гэта неабходна рабіць да лета 2015 года. Бо потым проста не будзе часу: адны выбары будуць ісці за другімі. Я думаю, што наўрад ці будуць мяняць Канстытуцыю і закон да выбараў прэзідэнта. Хаця ўсё магчыма!

Еўрарадыё: У любым выпадку, усе бліжэйшыя выбары будуць на вашай адказнасці…


Лідзія Ярмошына: У мяне тэрмін паўнамоцтваў заканчваецца ў снежні 2016 года. Вось, завяршу парламенцкую кампанію будучую… Але я не люблю рабіць нейкія прагнозы і даваць ілжывыя надзеі маім апанентам!

Еўрарадыё: І то праўда, вы ж казалі ў інтэрв’ю Еўрарадыё, што вы  — “чалавек каманды прэзідэнта”. Папросіць ён вас застацца яшчэ на пасадзе старшыні ЦВК і — бывай, пенсія!

Лідзія Ярмошына: Вось, калі апаненты прыйдуць да ўлады і самі апынуцца ў такім становішчы, яны зразумеюць, што дэмакратыя на гэтым узроўні заканчваецца цалкам. Гэта ў партыі: можа быць, а можа не быць. А тут увесь дзяржаўны апарат працуе ў дакладнай іерархіі і пры дакладным падпарадкаванні.

Еўрарадыё: Але хочацца, каб хаця б адзін старшыня ЦВК быў цалкам незалежным…

Лідзія Ярмошына: Маёй незалежнасці зайздросцяць мае замежныя калегі. Я ў Беларусі, напэўна, больш свабодная, чым дзе-небудзь іншыя старшыні ЦВК. Хаця б таму, што я абсалютна не залежу ні ад адной палітычнай сілы. Я ў падпарадкаванні кіраўніка краіны, у якога ў падпарадкаванні вельмі шмат людзей, шмат службаў — паверце, гэта, напэўна, найбольш свабодны варыянт, які можа ўвогуле існаваць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі