Яшчэ адна ахвяра ўрагану: у Светлагорску дрэва забіла 90-гадовага мужчыну
Светлагорск, наступствы урагану
Дрэва, што абрынулася падчас урагану ў Светлагорску, забіла 90-гадовага мужчыну. Ён не дайшоў дахаты пару сотняў метраў. Ад траўмаў мужчына памёр у бальніцы.
Стыхія абрынулася на Гомельскую вобласць 14 чэрвеня. Вядома, што ахвярамі падзення дрэваў сталі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіцяці.
АСВОД Гомельскай вобласці апублікаваў парады — што рабіць, каб выратавацца ад стыхіі, якая заспела вас на вуліцы. Вось яны:
- Не хавайцеся пад высокія дрэвы. Спыніцеся сярод невысокіх дрэваў з густой кронай (але не прыхінайцеся да ствалоў) ці схавайцеся ў хмызняках.
- Знайдзіце лагчыну, яр ці іншае натуральнае паглыбленне і атуліцеся ў ім.
- Калі вы на адкрытай прасторы ў час навальніцы — лепш не бегчы. Сядзьце на кукішкі ці на ізаляваную галінамі ці камянямі зямлю, галаву апусціце на сагнутыя ў каленях ногі.
- Падчас навальніцы нельга купацца ў вадаёмах.
- Калі вы рыбачыце ў лодцы, неадкладна плывіце да берага.
- Не падыходзіце пад лініі электраперадач.
- Пакідайце аўтамабіль удалечыні ад дрэваў і слаба ўмацаваных канструкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.