Ясін: Калі Мінск не падпіша дамову па ЕўрАзЭС, Масква можа і сілу ўжыць

Да канца траўня мусіць быць падпісаная дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Але…


“Мы не можам пайсці ў шкоду сабе на няроўных умовах у гэты эканамічны саюз", — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання сумеснага беларуска-кітайскага прадпрыемства "БелДжы" 3 траўня.


З-за якіх прычын могуць адмовіцца ад падпісання дамовы аб стварэнні ЕўрАзЭС краіны-інтэгратары — Беларусь, Расія і Казахстан?


Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук налічыў ажно пяць эканамічных прычын, з-за якіх наша краіна можа “стаць у позу”.


Яраслаў Раманчук: “Калі не дадуць хаця б 12 мільёнаў тон нафты перапрацоўваць без аплаты пошліны ў расійскі бюджэт, то гэта будзе вельмі важкім аргументам не падпісваць. Калі расійскі бок не пагодзіцца гарантаваць Беларусі, што вырабы кітайска-беларускага індустрыяльнага парку будуць успрымацца расійскімі ўладамі як беларускія, а не як “паходжання з трэціх краін”. Потым ідзе згода даць крэдыт, затым — мадэрнізацыя ВПК (ваенна-прамысловага комплексу) і арганізацыя экспарту з Беларусі хаця б на 2 мільярды долараў. І яшчэ гарантыя ўдзелу беларускіх кампаній у дзяржаўных тэндэрах Расіі”.


На эканамічных выгадах ад падпісання пагаднення трэба настойваць, упэўнены эканаміст. Але і рызыкі ад негатыўнай рэакцыі Крамля на непадпісанне таксама трэба пралічваць. А яны ёсць, падтрымлівае калегу былы міністр эканомікі Расіі Яўген Ясін.


Яўген Ясін: “Масква будзе дабівацца рэалізацыі праекта з дапамогай саступак Беларусі і Казахстану. А часам, і сілу прыменяць. Калі не адразу, то потым. Гэта будзе цалкам натуральна: вам скажуць, каб набывалі нафту па такім кошце, ці саступіце яшчэ частку ўласнасці. Я не магу прадбачыць, якія будуць прымененыя сродкі, але майце на ўвазе, што ў моцнага боку такія магчымасці заўсёды ёсць”.


Пры жаданні, разважае суразмоўца Еўрарадыё, і расійскі бок мог бы знайсці шмат нагод не падпісваць дамову па ЕўрАзЭС. Але ж гэта стратэгічны праект Крамля, ад якога ён не збіраецца адмаўляцца. І зробіць усё, каб дамова была падпісаная. І яна будзе падпісаная. Бо ўсе “позы” Лукашэнкі на гэты конт — для “ўнутранага спажывання”.


Яўген Ясін: “Лукашэнка звяртаўся з усімі гэтымі сваімі прапановамі не ў бок Масквы — ён звяртаўся да сваіх суграмадзян. Для таго, каб патлумачыць ім, пры якіх умовах гэта будзе выгадна Беларусі, і якія магчымасці ў нас ёсць. Лукашэнку і Назарбаеву ёсць сэнс яшчэ троху пагуляць і, магчыма, расцягнуцца тэрміны, і ўсё будзе не надта проста, але так бывае заўжды, калі такія пагадненні заключаюцца не паміж дэмакратычнымі, а паміж аўтарытарнымі рэжымамі, якія не маюць намеру адмаўляцца ад сваёй улады”.


Дарэчы, менавіта пытанне ўлады, а не, да прыкладу, пошлін на нафту і было галоўным, з-за чаго Казахстан мог адмовіцца падпісваць пагадненне па ЕўрАзЭС, распавядае Еўрарадыё эксперт Інстытута азіяцкіх даследаванняў Алма Султангаліева.


Алма Султангаліева: “Казахстан сваю пазіцыю адстойваў, што ён супраць таго, каб фарсіраваць інтэграцыю палітычную і што ён супраць стварэння наднацыянальных органаў кіравання. Хоць Расія пастаянна падкрэслівала, што яна не супраць таго, каб такія органы адразу стварыць”.


І гэтае “пажаданне” Астаны было ўлічанае. Іншыя пытанні, упэўненая Алма Султангаліева, такія, як нафтавыя пошліны ці рэгуляванне коштаў пасажырскіх перавозак, гэта нюансы, якія будуць вырашацца паступова і пасля падпісання дамовы. І сарваць яго, на думку казахскага эксперта, могуць толькі сапраўды форс-мажорныя прычыны. Але ні як не тыя, пра якія сваім будучым выбаршчыкам гаворыць беларускі кіраўнік.

Фота: Змітра Лукашука, www.1tv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі