З анэксаванага Крыму выціскаюць католікаў
Давялося закрыць парафію і кляштар, які дзейнічаў амаль 18 год.
У Крыме пагоршылася становішча католікаў — закрытая адзіная на паўвыспе рыма-каталіцкая парафія. Пра гэта паведамляе Крым.Рэаліі. Давялося закрыць невялікі кляштар Францысканскіх місіянераў, які дзейнічаў у Сімферопалі з 1997 года.
Тром манахіням, якія прыехалі ў Крым з Польшчы і іншых абласцей Украіны, мясцовыя ўлады адмовілі ў выдачы віда на жыхарства, і яны вымушаныя былі пакінуць паўвыспу ў лістападзе 2014 года.
Праз месяц пасля таго як манахіні пакінулі Крым, быў вымушаны сысці і парафіяльны святар. У Сімферопалі застаецца толькі адзін святар, каб служыць у каталіцкай парафіі. І цяпер ён вымушаны рабіць усё сам.
Праблема ўзнікла з-за таго, што паводле расійскага заканадаўства запрашаць замежных грамадзян могуць толькі зарэгістраваныя рэлігійныя суполкі. Пры гэтым ніякія рэлігійныя арганізацыі ў Крыме на сёння не маюць прававога статусу і таму не могуць запрасіць святароў з-за мяжы.