З Беларусі эвакуявалі дэсантніка, які прайшоў па Салігорску з БЧБ-сцягам
Руслан Акостка прайшоў з бел-чырвона-белым сцягам па Салігорску
З Салігорская эвакуявалі палітвязня і былога дэсантніка Руслана Акостку. Пра гэта ў сацсетках паведаміў кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
Акостка быў у зняволенні з лістапада 2020 года. Першапачаткова яго затрымалі за ўдзел у акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Ён прайшоў амаль увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам. Суд Салігорскага раёна арыштаваў Руслана на 15 сутак. Але потым на яго завялі і крымінальную справу за "аказанне супраціву супрацоўнікам міліцыі" падчас затрымання. У выніку былога дэсантніка асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі. Ужо ў калоніі на яго завялі яшчэ адну справу — аб "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы", дадалі яшчэ адзін год. Руслан цалкам адбыў свой тэрмін і ў жніўні выйшаў на волю.
У нядаўнім інтэрв'ю "Нашай Ніве" Акостка расказаў пра Мікалая Статкевіча, з якім сядзеў у суседніх камерах у калоніі ў Глыбокім. Гэта было ў верасні-кастрычніку 2022 года. З ягоных слоў, "у той момант з Мікалаем усё было нармальна — наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі". У пачатку студзеня 2023 года Акостку перавялі ў калонію ў Горках. Пра Статкевіча няма інфармацыі з лютага 2023 года. Ён, а таксама Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Ігар Лосік знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.