За красавік-травень чыноўнікі выдаткавалі на машыны каля 744 тысяч долараў
Яшчэ бюджэтныя грошы пойдуць на тэхабслугоўванне, шыны, паліва і рамонт аўтамабіляў.
На 744 тысячы долараў збіраюцца закупіць новых машын беларускія чыноўнікі. На такую агульную суму размяшчаліся заяўкі на сайце дзяржзакупак у красавіку-траўні. Яшчэ бюджэтныя грошы выдаткоўвалі на тэхабслугоўванне, шыны, паліва і рамонт аўтамабіляў.
Міністэрства па падатках закупляе восем новых мінівэнаў ці мікрааўтобусаў на 3,3 мільярда рублёў. Кошт кожнай машыны — больш за 25 000 еўра. Даваць каментары наконт таго, якія аўто чакаюць супрацоўнікі міністэрства, у ведамстве адмаўляюцца.
Гродзенскі райвыканкам набывае легкавы аўтамабіль айчыннай зборкі — Geely Emgrand X7. Кошт — 310 мільёнаў рублёў. Купляюць новую машыну, каб сэканоміць.
“У нас дзве ржавыя дзесяцігадовыя “Нівы”, у год іх рамонт пацягне, груба кажучы, на 20 мільёнаў. А так мы мяняем дзве старыя машыны на адну!” — тлумачыць адказны за закупку супрацоўнік Гродзенскага райвыканкама Віктар Гагалушка.
Горацкі райвыканкам таксама эканоміць — на 70 мільёнаў тут ужо рамантуюць новыя Geely EMGRAND X7, Skoda Oktavia і "ВАЗ−21214" — гэтыя аўто ў Горках набылі ў 2014 годзе.
Тэхабслугоўванне патрэбнае і нямецкім машынам з Гомельскага гарвыканкама і Жлобінскага райвыканкама.
Віцебскі аблвыканкам рамантуе сваю пяцігадовую Audi A 8 W12. Аднак сума тэхабслугоўвання не ўказаная.
Закупляюць машыны таксама для старшынь сельскіх саветаў, гарвыканкамаў. Цікава, што чым бліжэй да сталіцы, тым большыя сумы на службовую калясніцу.
Вось, да прыкладу, Беладуброўскі сельскі савет (Магілёўская вобласць) знаходзіць на аўто 151 млн рублёў, а Уздзенскі райвыканкам хоча аўто ўжо за 210 мільёнаў.
Дарэчы, рамонт, тэхабслугоўванне службовых аўто слуг народа таксама адбываюцца за кошт падаткаў гэтага самага народа. Менш чым за гадзіну знаходзім дзясятак заявак на закупку летніх шын, паліва, закупку дэталяў, тэхабслугоўванне. За красавік-травень знаходзім такіх заявак на паўмільярда рублёў пры самых простых падліках.
Нагадаем, па версіі чыноўнікаў, кожны беларус павінен удзельнічаць у фінансаванні дзяржвыдаткаў — 20 базавых велічынь з кожнага дармаеда ў касу. Але хочацца, каб грошы “дармаедаў” і звычайных працаўнікоў заводаў, офісаў, школ пайшлі не на чарговую машыну старшыні гарвыканкама, а на школы, паліклінікі, садкі ці хаця б новы асфальт, па якім потым паедзе старшыня выканкама.