“Забыў, калі апошні раз заробак павышалі”

“Забыў, калі апошні раз заробак павышалі”

Белстат абвяшчае пра рост сярэдняга заробку ў чэрвені ― 819,3 рублі па ўсёй краіне.

“Сезоннасць, вядома ўплывае на гэта. Калі ёсць квартальны месяц, ёсць прэміі. У Новы год таксама ёсць прэміі”, ― тлумачаць у Белстаце прычыну росту заробкаў.

Глядзім, хто атрымоўвае сярэдні па краіне заробак.

Генадзь, рабочы, наладчык на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску.

“Ужо некалькі гадоў заробак не павышаўся, я ўжо нават не памятаю, калі ён вырастаў. Ад сезона заробак не залежыць абсалютна. Я 20 гадоў працую наладчыкам, каля 500 рублёў апошні раз атрымоўваў. Цяпер працую поўны дзень і ўсе пяць дзён на тыдзень. За стаж накідваюць, але няшмат”.

Сярэдні заробак у прамысловасці паводле Белстату складае 899 рублёў.

Наталля Міхайлаўна, даярка, Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці.

“Мы працуем з шостай да дзясятай раніцы. Гэта толькі на даенне. Заробак залежыць ад колькасці малака і ад якасці. У нас ёсць еўра і экстра малако. Апошні заробак мой ― 580 рублёў, за чэрвень. Ад сезона заробак мала залежыць. Амаль увесь час колькасць малака аднолькавая”.

Сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы у чэрвені стаў 590,9 рублёў.

Іван, настаўнік, Бабруйск.

“Глабальна заробак даўно не вырастаў, нейкія зусім дробныя павышэнні, можа, і былі. У нас цяпер нейкім чынам зменіцца сістэма аплаты, абяцалі павышэнне прэміі. Апошні заробак у мяне быў 740 рублёў”.

Сярэдні заробак настаўніка па статыстыцы складае 565,5 рублёў.

Павел, прараб, Мінск

“Заробак залежыць ад сезона, у тым ліку. То бок аб’ём залітага бетону, напрыклад, у маналітчыкаў узімку змяншаецца, таму і заробкі меншыя і ў іх, і ў іх кіраўнікоў. У мяне заробак 1050 рублёў, у звычайных будаўнікоў у раёне 1000”.

У будаўніцтве ў сярэднім атрымоўваюць 880,3 рублі.

Аляксандр, інжынер-канструктар, Мінск

“Для інжынера-канструктара 1000 рублёў ― добры заробак. У мяне выходзіць 1200-1300. Ад сезона гэта не залежыць, хутчэй, ад таго, прыватнае прадпрыемства ці дзяржаўнае. На дзяржаўным, нават калі даход у прадпрыемства ёсць, то заробак могуць не індэксаваць”.

Насця, архітэктар, Мінск

“У нас заробак залежыць ад таго, ёсць замовы ці няма. Калі праекты падвісаюць, за іх не выплочваць грошы. У мяне выходзіць у раёне 1400 дзесці. У сферы дызайну і сезон адбіваецца. Улетку народ раз’язджаецца і не думае пра рамонты”.

Сярэдні заробак вырастае ўлетку кожны год. Так, у чэрвені мінулага года заробак вырас на 20 рублёў (з 718 да 738 рублёў). У наступны месяц мінулага лета заробак зноў падымаецца на 12 рублёў — да 750 у месяц.

А вось летась у верасні сярэдні заробак зноў апусціўся да 732 рублёў, а ў лістападзе стаў амаль такі ж, як быў у траўні. Падобныя змены былі і ў 2015-м годзе, і ў 2014-м.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі