Заходнееўрапейскія і амерыканскія СМІ атакуюць польскага прэм’ера
Ужо хутка Дональд Туск можа “прайграць” Варшаву, а апазіцыя — вярнуць часы “ўльтранацыяналізму і нежадання Еўропы”.
“Яшчэ пару месяцаў таму пра Польшчу гаварылі як пра цуд — адзіную еўрапейскую краіну, якая не ўпала ў рэцэсію пасля фінансавага крызісу 2009 года”, — такімі словамі пачынае свой артыкул іспанскі штодзённік El Pais. Менавіта добрыя эканамічныя вынікі дазволілі прэм’еру Дональду Туску пераабрацца на апошніх выбарах.
Цяпер жа рэйтынгі яго партыі “Грамадзянская платформа” аказаліся ніжэйшымі, чым у апазіцыйнага “Права і Справядлівасці” (PiS). Часы, калі польскім урадам кіраваў лідар PiS Яраслаў Качыньскі разам са сваім братам, El Pais называе “гадамі ўльтранацыяналізму, гамафобіі і нежадання Еўропы”. І на дадзены момант “Права і Справядлівасць” мае ўсе шансы атрымаць падтрымку маладых палякаў, кажа дырэктар Польскага інстытута міжнародных спраў Марцін Забароўскі:
“PiS робіць акцэнт на эканоміку, што можа быць цікава маладым людзям, для якіх катастрофа пад Смаленскам не такая і важная, яны больш незадаволеныя адсутнасцю перспектыў і беспрацоўем”.
Нават за акіянам гавораць пра слабасць прэм’ер-міністра. The New York Times піша пра апытанні, якія паказваюць стомленасць людзей ад урадаў Туска. І аб’яўляе вяртанне “хітрага стратэга Яраслава Качыньскага”:
“Качыньскі, хітры стратэг, ад пэўнага моманту змякчыў свае заявы, якія мусяць прыцягнуць выбаршчыкаў і дазволіць яму вярнуцца да ўлады”.
Разам з тым, амерыканскае выданне адзначае, што магчымае вяртанне Качыньскага да ўлады выклікае занепакой у еўрапейскіх сталіцах, дзе баяцца, што правы палітык давядзе Польшчу да ізаляцыі і пагаршэння стасункаў з Германіяй. Што праўда, да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у Польшчы яшчэ два гады, таму ўсе расклады яшчэ могуць памяняцца.
Паказальна, што пад агнём апынулася і мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц, якая прадстаўляе партыю Туска. Яе хочуць прымусіць сысці ў адстаўку і збіраюць подпісы для правядзення адпаведнага рэферэндуму. Прычым у акцыю актыўна ўключыліся палітыкі “Права і Справядлівасці”, у той час як сам прэм’ер паводзіць сябе пасіўна і не абараняе свайго чалавека. Нямецкае выданне Frankfurter Allgemeine Zeitung піша:
“Туск рэагуе на дзіва апатычна. Прэм'ер апошнім часам ва ўнутранай палітыцы падобны на таго, хто абараняецца і не мае ідэй, нават у Варшаве, сэрцы сваёй партыі, не можа прыняць бой. Замест таго каб адкрыта стаць на бок мэра Варшавы, ён раіць грамадзянам не ісці на рэферэндум, у надзеі, што яго ініцыятары нічога не даб’юцца”.
Сама Гранкевіч-Вальц сказала, што не аддасць Варшаву без бою і будзе змагацца за “сэрцы і розумы дастатковай колькасці варшавякаў”. Цікава толькі, ці атрымаецца яе бой такім жа гераічным, як Варшаўская бітва, гадавіна якой сёння адзначаецца, калі прэм’ер будзе назіраць збоку?
Фота: magazynt3.pl