Затрымалі шэсць чалавек з рэйсавага аўтобуса, які ехаў у Беларусь — "Вясна"

На беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt
Некалькі дзясяткаў чалавек затрымалі пры вяртанні з-за мяжы ў Беларусь за першыя паўтара месяца 2025 года, паведамляюць праваабаронцы..
На пачатку лютага стала вядома, што з аднаго рэйсавага аўтобуса затрымалі адразу шэсць чалавек, заяўляюць у праваабарончым цэнтры "Вясна". Усіх затрыманых да суда змясцілі ў ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, а некаторым потым прызначылі "суткі".
Затрымаць могуць за "экстрэмісцкія" рэпосты і падпіскі ў сацсетках, фатаздымкі з пратэстаў у воблачным сховішчы, данаты. Таксама сілавікі правяраюць гісторыю пошуку ў Google. Пад дадатковыя праверкі на мяжы трапляюць людзі, якіх раней затрымлівалі на акцыях пратэсту і ўнесі ў базу "БЕСпорядки", і тыя, хто даўно не жыве ў Беларусі.
Праваабаронцы "Вясны" кажуць, што ў некаторых выпадках чалавек мог цягам апошніх гадоў шмат разоў перасякаць мяжу без дадатковых праверак і не мець затрыманняў у Беларусі, але быў затрыманы пры чарговай спробе заехаць у Беларусь адразу пасля пашпартнага кантролю. Сітуацыя пастаянна змяняецца, кажуць праваабаронцы, і няма ніякіх гарантый, што да чалавека, які раней заязджаў і выязджаў без праблем, не ўзнікнуць прэтэнзіі за яго пратэсную актыўнасціь у мінулым.
Пра ўзмацненне праверак на мяжы паведамляў на пачатку лютага і кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.