Жабрачка ля Нацбанка: Долар у наступным годзе да дваццаці тысяч не дойдзе

Жабрачка ля Нацбанка: Долар у наступным годзе да дваццаці тысяч не дойдзе

Гэту маленькую шчупленькую жанчыну-жабрачку раз-пораз сустракаеш ля Нацбанка ў Мінску. Тры гады таму Любоў Усцяпірава распавядала Еўрарадыё, што просіць тут міласціну амаль кожны дзень з 11 да 17 гадзін. Цяпер выходзіць у пераход добра калі раз на тыдзень. І тое, на некалькі гадзін:


"Доўга ў бальніцы ляжала. А цяпер вось даводзіцца грошыкі на лекі збіраць, ды на ежу. Пенсія вельмі маленькая — паўтара мільёны".


За тры гады яна ўсё ж здолела сабраць дакументы на пенсію: Любоў Усцяпірава родам з Расіі, разам з мужам паездзілі па былым СССР. Працавала і кранаўшчыцай, і санітаркай, і прыбіральшчыцай, адукацыі, кажа, у яе няма. Прыехаўшы ў Мінск, уладкавалася на завод. Пасля таго, як у 2002 годзе памёр муж, Любоў набыла дом у Віцебскай вобласці. Аднак дом той згарэў і жанчына вярнулася ў Мінск. Праз некаторы час патрапіла пад аўтамабіль, ляжала ў бальніцах, стала кульгаць. Але ў адной з мінскіх цэркваў яна сустрэла добрых людзей, яе прытулілі. Грошы за жыллё з яе не бяруць, але Любоў набывае ў дом прадукты.


"Ад сілы можна за дзень зарабіць 200 тысяч! І тое, гэта летам было. А ўвосень дык увогуле кепска стала", — дзеліцца назіраннямі Любоў, трымаючы ў маленькай руцэ невялікую стопку грошай, накрытую тысячамі ды пяцісоткамі.


Любоў вельмі прыязная. Ёй усяго 60, але праз хваробы, беднасць і самоту (няма ні дзяцей, ні сваякоў), яна падаецца зусім старэнькай. Сёння сядзіць ля Нацбанка больш за гадзіну, людзі даюць неахвотна. А калі і даюць — дробязь:


"Зрэдку — пяцёрка якая", — уздыхае жанчына. Пакуль мы размаўляем, ніводзін мінак не звяртае ўвагу на жабрачку. Усе — міма.

 

Жабрачка ля Нацбанка: Долар у наступным годзе да дваццаці тысяч не дойдзе

Месца ў цэнтры сталіцы Любоў аблюбавала даўно. Кажа, добра, што самы цэнтр, і прыпынак — побач. Міліцыянеры тут асабліва не ганяюць, але нягледзячы на блізказць яе "працы" да самага галоўнага банка краіны, разгледзець банкіраў, тым больш, пазнаёміцца з імі, жабрачка не імкнецца: маўляў, нікога адтуль не ведаю, ды і сяджу спінай да дзвярэй.


У кастрычніку 2012-га года Еўрарадыё прапанавала жабрачцы зрабіць прагноз курса долара. Тады жанчына меркавала, што долар вышэй за дзевяць тысяч да канца года не падымецца, так і было – 8570 рублёў.


І цяпер Любоў не адмаўляецца даць прагноз курса долара на 2016 год:


"Думаю, што да дваццаці ўсё ж не дойдзе. Таму што ў людзей жыццё цяжкае".


Цікава, што пра дэнамінацыю беларускага рубля і пра з'яўленне капеек жанчына пачула ўпершыню ад мяне. Здзіўляецца і кажа, што "старыя грошы (рублі і капейкі) ўсё адно лепшыя за мільёны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі