Жыхару Бабруйска пагражае смяротнае пакаранне за забойства жанчыны і дзіцяці
Завершанае расследаванне справы 39-гадовага мужчыны, які абвінавачваецца ў забойстве 28-гадовай жанчыны (жыхаркі Бабруйска) і яе 7-гадовага дзіцяці ў Глускім раёне. Іх трупы з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі ў снежні мінулага года ў адным з дамоў у вёсцы Заполле. Смерць абодвух наступіла ад шматлікіх колата-рэзаных і агнястрэльных раненняў. Дом, дзе знайшлі забітых, выкарыстоўваўся як лецішча і належаў знаёмаму жанчыны. Яго і сталі падазраваць у здзяйсненні злачынства. Ён знаходзіўся на месцы трагедыі ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. 39-гадовага мужчыну, жыхара Бабруйска, затрымалі.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, следства выявіла, што падчас сваркі з жанчынай, якая гасцявала ў яго разам з сынам, абвінавачаны нанёс пацярпелай нажом, рукамі і нагамі, а таксама прыкладам паляўнічай стрэльбы мноства удараў. Дзіця ён ударыў нажом у грудную клетку. Паводле версіі следства, таксама мужчына стрэліў у хлопчыка з паляўнічай стрэльбы. Маці і сын памерлі на месцы.
Адзначаецца, што пасля гэтага зламыснік выйшаў на вуліцу, дзе стаў страляць па вокнах суседняга дома, прыкладам стрэльбы разбіў у ім шыбы, а пасля збіў пацярпелага, які выйшаў на шум і спрабаваў адабраць у яго зброю. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза засведчыла, што на момант учынення злачынстваў мужчына не меў псіхічных расстройстваў, цалкам мог усведамляць характар сваіх дзеянняў і кіраваць імі.
Дзеянні абвінавачанага кваліфікавалі як забойства двух асоб, у тым ліку, заведама малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасцю (п.п.1, 2, 6 ч. 2 арт.139 КК), а таксама асабліва злоснае хуліганства (ч. 3. арт. 339 КК). Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.
БелаПАН адзначае, што бабруйчаніну пагражае смяротнае пакаранне.