Зісер: Санкцыі ўвялі, каб была дэмакратыя, выйшлі палітвязні — гэта ёсць?
Адначасова з актывізацыяй перамоўнага працэсу паміж Мінскам і Бруселем актывізаваліся і "лабісты рэжыму". Але што яны лабіруюць?
Што мэты сваёй санкцыі ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска не дасягнулі, кажуць сёння і апазіцыянеры-“пярэваратні”, і бізнесмены-“карупцыянеры”, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Чаму раптам?
“Таму што выніку няма! — эмацыйна рэагуе на пытанне ўладальнік УП “Надзейныя праграмы” Юрый Зісер. — Санкцыі ж уведзеныя дзеля таго, каб з’явілася дэмакратыя ў краіне, каб былі свабодныя, сумленныя і справядлівыя выбары, каб вызвалілі ўсіх палітзняволеных. Што, ёсць вынік, вы лічыце?!”
Санкцыі, на думку бізнесмена, нараджаюць у беларускім грамадстве канфрантацыю, пагаршаюць становішча палітвязняў і перашкаджаюць вярнуць узаемаадносіны з Еўрасаюзам хаця б на ўзровень 2008 года. Дый для прадпрымальніцтва яны шкодныя. Кошт беларускага бізнесу ўпаў, скардзіцца Зісер, бо ў выніку санкцый стаўленне да яго пагоршылася. Незалежна ад таго, “кашалькі” гэта рэжыму ці не маюць да яго фінансавання ніякіх адносінаў.
Юрый Зісер: “Нам адна канадская фірма вінна была грошы за распрацоўку — 3 тысячы долараў. Яны нам іх заплацілі, але мы іх не атрымалі: паколькі аплата ў амерыканскіх доларах, то грошы пайшлі праз Bank of Americа. А там не сталі разбірацца: хто пад санкцыямі, а хто не пад санкцыямі — і заблакавалі ўсе пераводы ў Беларусь. Ім так прасцей і зручней. Вось вам канкрэтны вынік санкцый!”
Згодная з Зісерам і кіраўніца брусельскага офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская. Праўда, з пункту гледжання грамадзянскай супольнасці.
Вольга Стужынская: “Людзі, якія былі ў турмах, там і засталіся. Гэта прывяло не да кардынальных пераменаў, а наадварот — да скарачэння адносінаў з Еўрасаюзам і скарачэння адносінаў паміж людзьмі. І гэта негатыўна адбілася для грамадства”.
Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч візавыя санкцыі лічыць маральным пакараннем беларускіх чыноўнікаў. Супраць гэтых захадаў ён нічога не мае. А вось любыя эканамічныя санкцыі лічыць шкоднымі. Найперш — для палітвязняў.
Аляксандр Мілінкевіч: “Заўсёды так было ў гісторыі Беларусі, што санкцыі не вызвалялі палітвязняў. І зараз, я думаю, так будзе. Не санкцыі вызваляць палітвязняў, а пачатак дыялогу. Гэта будзе ўжо трэці выпадак, калі менавіта дыялог спрыяе вызваленню”.
Што дыялог спрыяе вызваленню, згодны і палітолаг Юрый Чавусаў. Але калі з’яўляецца магчымасць гульні, гэта ўжо не зусім дыялог…
Юрый Чавусаў: “Саступкі, на якія можа пайсці рэжым пад такім ціскам, яны заўжды вельмі канкрэтныя: вось гэты чалавек павінен выйсці на свабоду. Але калі пачынаюцца ўмовы, адносна якіх магчыма больш складанае тлумачэнне — як славутая рэабілітацыя — тады ўжо з’яўляецца магчымасць для рэжыму гуляць”.
Што прымусіла менавіта сёння гэтых людзей выказваць такое сваё стаўленне да санкцый ЕС? Юрый Зісер лічыць, што проста прыйшоў час, калі шмат людзей зразумелі неэфектыўнасць санкцый.
Аляксандр Мілінкевіч: “Шмат каму здавалася: калі яны будуць казаць, што не трэба карыстацца эканамічнымі санкцыямі, то гэта нібыта здрада тым, хто сядзіць у турмах — значыцца мы хочам, каб людзі вечна сядзелі. Гэта памылковы тэзіс. Думаю, большасць гэта ўжо разумее”.
Такія “няверуючыя ў эфектыўнасць” палітыкі ды эксперты амаль адразу займелі статус “лабістаў рэжыму”. “Дзяўблі з усіх бакоў”, — скардзіцца Юрый Зісер.
Аляксандр Мілінкевіч: “Непрыемна, калі кажуць, што я здраднік, агент Лукашэнкі. Але такая рэакцыя ў людзей натуральная была! Аднак зараз да такой ступені напружаная сітуацыя, пад такой пагрозай існаванне незалежнай Беларусі, што нельга маўчаць. Асабліва — людзям уплывовым”.
Практычна ўсе гэтыя “лабісты” кажуць: пытанне вызвалення палітвязняў не абмяркоўваецца і стаіць на першым месцы. Тое самае, дарэчы, кажа і кіраўніцтва Еўрасаюза на чале са Штэфанам Фюле, якога таксама паспелі запісаць у кампанію Мілінкевіча, Зісера ды іншых.
Фота: Змітра Лукашука, toxaby.livejournal.com