Зміцер Вайцюшкевіч: Я баяўся Горвата, але вырашыў выпускаць кнігу
Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў кнігу "Простыя словы". Так некалі называлася яго аўтарская праграма на Аўтарадыё, але калі яго закрылі, праграма перакачавала на Радыё “Рацыя”. У ёй музыка рэфлексаваў на тэмы жыцця і творчасці, распавядаў пра тое, што хвалявала. У 2014-м Вайцюшкевіч сышоў з радыё і вырашыў свае аркушы паперы, на якіх былі напісаныя праграмы, скласці ў кнігу. Прэзентаваць яе музыка збіраецца на літаратурна-музычным фестывалі "Салаўё" на сваім хутары Вайцюшкі 4 чэрвеня.
Зміцер Вайцюшкевіч: Ведаеш, мне заўсёды хацелася папрацаваць са словам, пачаць пісаць. Спачатку я спрабаваў пісаць вершы, але пасля першых дзвюх рыфмаў я зразумеў, што ў мяне не моцна атрымліваецца. Тым больш, калі ўзгадаць маіх паэтычных суаўтараў ― гэта зусім іншы узровень у параўнанні са мной-паэтам. Таму я вырашыў сканцэнтравацца на кароткіх гісторыях, у якіх ― мае ўражанні, імпрэсіі і эмоцыі.
Еўрарадыё: Хто з тваіх сааўтараў-паэтаў чытаў "Простыя словы" і як яны адрэагавалі на кнігу?
Зміцер Вайцюшкевіч: Я папрасіў Някляева, каб ён напісаў уступ. Я спытаў, ці можна яе друкаваць, ці можна мне ўвогуле лезці ў літаратурныя справы? Нягледзячы на тое, што наш літаратурны свет, можа, і невялікі, ён ўсё ж уплывовы. Бо мы маем свайго Нобеля і можам стаяць на адной сцэне з самымі паважанымі людзьмі літаратурнага свету. Але Някляеў сказаў: "Ды нармальная кніжка!", і напісаў уступ. Вядома, можна прыдрацца да асобных гісторый, можна параўнаць гэта з Горватам, я яго і баяўся, але гэта маё асабістае фіксаванне часу тым талентам, які мне дадзены. Як мог, так напісаў.
Еўрарадыё: А чым Горват зачапіў чытача?
Зміцер Вайцюшкевіч: Асабістай гісторыяй. Нам вельмі цікавыя чалавечая шчырасць, перажыванні, пра якія не гаварылася ў савецкія часы. Беларуская літаратура ў свой час адказвала на глабальныя пытанні, больш важныя, чым чалавек. А Горват акурат дадаў літаратуры “чалавечынкі” і сваёй эмоцыі.
Еўрарадыё: 26-га траўня адбудзецца твой сольнік у Мінску. Таксама цяпер выступаюць у Беларусі Міхалок і Вольскі. Мае месца чарговая адліга?
Зміцер Вайцюшкевіч: Не ведаю. Я рады, што ёсць магчымасць, бо нават гэты дазвол быў зроблены са скрыпучым сэрцам. Хочацца паўнавартаснага беларускага канцэртнага жыцця. Хочацца развіцця разам з публікай, хочацца сцэнічных зменаў і артыстычнага росту. Але, на жаль, у беларускіх рэаліях гэта немагчыма ці вельмі складана. Расце артыст не дзякуючы, а насуперак. Вядома, можна сказаць, што ўсё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Але я б хацеў, каб гэтая бздура, падстрахоўкі на месцах, закончыліся. Усё ж варта думаць пра культурную будучыню краіны.
Еўрарадыё: Калі б не было гэтых сямі гадоў забароны, якім бы ты быў цяпер?
Зміцер Вайцюшкевіч: Лёгка можна было б раз на год рабіць вялікі канцэрт у Палацы Рэспублікі. Не салянку з усімі беларускімі артыстамі, калі, напрыклад, юбілей у некага аднаго, а ўсе астатнія падцягваюцца, каб прадаць квікті, а сольнік. А Міхалок з Лявонам маглі б збіраць арэны і стадыёны. Гэтага бракуе. Вядома, можна плюнуць на мову і култьтуру і займацца іншай музыкай. Але чалавек такая істота, якому патрэбныя свае чатыры сцяны.
Увогуле, канцэрт прысвечаны памяці Генадзя Бураўкіна. Ёсць у нас пэўны фармат сустрэч, дзе адна частка праграмная і сур'ёзная, а другая ― вясёлая і нефармальная. І гэта працуе колькі гадоў.
Еўрарадыё: Яно працуе колькі гадоў, і ты ўвесь час застаешся Вайшюшкевічам у сваёй зоне камфорту. А можа, варта яе пакінуць, наблізіцца да маладой аўдыторыі, уключыць Вайцюшкевіча-вар'ята з 90-х?
Зміцер Вайцюшкевіч: Уключыць ідыёта? Я адышоў ад фалькору, бо на той момант, напрыканцы 90-х, ім пачалі займацца ўсе. Я думаў, што працаваць з песнямі на вершы беларускіх паэтаў досыць лёгка, і што будзе чарга сапернікаў. Але апынулася, што я такі адзін у неафіцыйнай тусоўцы, бо ўсе эгаістычна займаюцца сваёй важнай асабістай справай. Таму я лічу важным цяпер зрабіць праграму на вершы Алеся Разанава, дзяўчат-паэтак, эмігрансткай паэзіі.
Еўрарадыё: Немагчыма не запытаць пра 17-е месца Беларусі на сёлетнім "Еўрабачанні"...
Зміцер Вайцюшкевіч: Мне спадабалася. Naviband былі вельмі прыгожыя. Спявалі не чыста, і каб я сядзеў у журы міжнароднага прафесійнага конкурсу, звярнуў бы на гэта ўвагу, але былі вельмі пазітыўныя. І для іх творчага жыцця гэта такі суперэтап, які не забудзецца ніколі. Не думаю, што ў бліжэйшыя пяць гадоў з'явіцца нешта больш магутнае чым тое, што яны адчулі. Я лічу, што іх выступ ― поспех, яны малайцы, нават аб'ядналі беларусаў. А пераможца цудоўны: на фоне лесу, з мінімумам аранжыроўкі, затое якой! Як сказала мая жонка Галя, такога піяна на "Еўрабачанні" яшчэ не было.