Палітвязня Змітра Дашкевіча прысудзілі яшчэ да года калоніі
Зміцер Дашкевіч
Суд прысудзіў палітвязня Змітра Дашкевіча да года калоніі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы" (артыкул 411 КК).
"У тыдзень бацькоўскай любові, які адзначаецца ў краіне, мой муж, бацька 4-х маленькіх дзетак, атрымаў 1 год строгага рэжыму. Самы максімум", — напісала ў сацсетках жонка Змітра Наста Дашкевіч. Прычыны для гэтага прысуду, са слоў Насты, былі фармальнымі: "Не выйшаў на шпацыр, 1 раз з кімсьці пагутарыў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасля начной барацьбы з холадам".
Летам Дашкевіч павінен быў выйсці на волю пасля заканчэння тэрміна за ўдзел у пратэстах. Але замест гэтага зноў апынуўся ў СІЗА. Пазней стала вядома, што супраць яго завялі новую крымінальную справу паводле артыкула аб "злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі".
Сілавікі прыйшлі да Змітра і Насты Дашкевічаў у сакавіку 2022 года, зладзілі ператрус. Змітра першапачаткова арыштавалі на 15 сутак, а затым у дачыненні да мужа і жонкі завялі крымінальную справу. Тады, першым разам, суд прысудзіў Змітра Дашкевіча да паўтара года калоніі, Насту — да трох гадоў "хатняй хіміі". У пары — чацвёра дзяцей. Праваабаронцы прызналі Змітра Дашкевіча палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.