У Беларусі ўвялі падатак на збор грыбоў і ягад, хто мусіць яго плаціць?

У Беларусі ўвялі падатак на збор грыбоў і ягад, хто мусіць яго плаціць?

З 31 снежня 2016 года набыла моц Пастанова Саўміна №927 Пра ўсталяванне таксавага кошту за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другарадных лясных рэсурсаў”, які ўводзіць падатак на збор грыбоў, ягад, траваў і гэтак далей. Да прыкладу, за кілаграм баравікоў, чырвонагаловікаў ці лісічак давядзецца аддаць дзяржаве 23 капейкі (0,01 ад базавай велічыні). Столькі ж патрабуюць заплаціць і за кілаграм брусніц, дурніц, малін, ці чарніц. А вось за кілаграм дзмухаўцаў, глогу, рабін ды чаромхі — крыху больш — 69 капеек (0,03 базавай).

Прычым, у тэксце пастановы абсалютна не прапісана, хто мусіць плаціць гэты падатак, каму і што будзе за няўплату. Як даведалася Еўрарадыё, у Міністэрстве лясной гаспадаркі акурат цяпер рыхтуюць тлумачэнні да пастановы Саўміна, якія ў бліжэйшы час зявяцца на сайце ўстановы. Але, пераконваюць чыноўнікі, звычайным людзям баяцца няма чаго.

“Згодна з артыкулам №44 Ляснога кодэкса, грамадзяне могуць свабодна знаходзіцца і задавольваць свае патрэбы зборам грыбоў, ягад і гэтак далей, — каментуе кіраўнік упраўлення лясной гаспадаркі Мікалай Юрэвіч. — А вось калі да нас прыйдзе юрыдычная асоба, то згодна з працэдурай, яна напіша заяву, і мы выдадзім ёй лясны білет на збор”.

Сапраўды, паводле Ляснога кодэкса, збор “дзікарослых ягад, грыбоў, пладоў, арэхаў, лясной подсцілкі, апалага лісця, нарыхтоўку драўняных сокаў, бяросты і галінак дрэў, дзікарослых раслін і іх частак, моху” і іншага грамадзяне могуць ажыццяўляць не толькі бясплатна, але і без дазвольных дакументаў.

А вось прадпрымальнікам давядзецца не толькі атрымаць “лясны білет”, але і аплаціць яго адразу. То бок юрасоба мусіць падаць заяўку на тую колькасць грыбоў ды ягад, якую яна плануе сабраць. Калі збярэ менш, то грошы ёй ужо не вернуць. Што ж тычыцца беларусаў, якія ў сезон прадаюць грыбы ды ягады, то тут Міністэрства лясной гаспадаркі ўжо не адказнае.

“Сфера кантролю нашага міністэрства — лясны фонд, то бок, мы адказваем за тое, што адбываецца ў лясным фондзе, — дадае Мікалай Юрэвіч. — А калі рынак ці ўздоўж дарог, то тут ляснік ні пры чым, яго паўнамоцтвы на гэтую тэрыторыю ўжо не распаўсюджваюцца”.

Калі ўзгадаць гісторыю з гандлем чарамшой, якая знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі, але масава з’яўляецца на рынках кожную вясну, то і прадаўцоў грыбоў і ягад пакараць будзе немагчыма. Маючы падсобную гаспадарку, беларусы могуць без праблем гандляваць прадукцыяй з яе. Нішто не перашкаджае сказаць, што чырвонагаловікі, глог ды чарніцы растуць на лецішчы. Правяраць гэта ўсё роўна ніхто не будзе, бо не здолее даказаць.

Тэкст пастановы і тарыфы можна паглядзець па спасылцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі