З'явілася відэа "газавай атакі" апазіцыі на спецназ і "ціхароў" у Кіеве
Здарэнне адбылося ў нядзелю каля будынку Кабінета міністраў, дзе знаходзіліся ўдзельнікі "еўрамайдана".
На байцоў спецпадраздзялення "Беркут" і на міліцыянтаў у цывільным спачатку паляцеў запалены фаер, пасля асобныя людзі і групы маніфестантаў пачалі падбягаць да праваахоўнікаў і паліваць іх з газавых балончыкаў. Пацярпелі двое міліцыянтаў.
Арганізатары акцыі пратэсту кажуць, што гэта ўчынілі правакатары. Міліцыя абвінавачвае апазіцыю, распачатыя крымінальныя справы, ужо вядомыя прозвішчы ўдзельнікаў "газавай атакі", іх шукаюць.
Як адзначае УНІАН, міліцыя прызнае выкарыстанне супраць апазіцыянераў "адзін ці два разы" спецсродка "Тэрэн 4М". "Нам гэта дазволена, калі ёсць небяспека для грамадзянаў ці непасрэдна работніку міліцыі, — гаворыць начальнік галоўнага ўпраўлення МУС Украіны ў Кіеве Валерый Карак. — Выкарыстанне шашак і слёзацечнага газу з боку мітынгуючых — гэта самая сапраўдная правакацыя. Гэта правакацыя, каб міліцыя ўжыла сілу, гэта правакаванне масавай бойкі".
Кіраўнікі ЕС прынялі заяву пра "знешні ціск" на Украіну з боку Расіі
Нагадаем, 21 лістапада Вярхоўная рада праваліла ўсе варыянты законаў аб выездзе былога прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лячэнне за мяжу. У выніку яна засталася за кратамі, а адна з умоў Еўрасаюза напярэдадні падпісання Дамовы аб асацыяцыі была не выканана. Пазней Кабінет міністраў Украіны распарадзіўся прыпыніць працэс падрыхтоўкі да заключэння пагаднення і даручыў шэрагу міністэрстваў засяродзіцца на развіцці адносінаў з СНД і Мытным саюзам, а таксама загадаў нармалізаваць адносіны з Расіяй.
Акрамя таго, Кабінет міністраў ініцыяваў стварэнне трохбаковай камісіі пры ўдзеле ЕС і Расіі. Пазней, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ патлумачыў, што Кіеў не можа падпісаць дамову з Еўрасаюзам з-за эканамічнага ціску і шантажу Расіі. Януковіч заявіў аб пагрозах абмежаваць імпарт тавараў з Усходняй Украіны. А гэта, па падліках Кіева, магло б прынесці мільярдныя страты.
Дамова аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам падпісваецца з краінай, што не з’яўляецца сябрам ЕС. Яна прадугледжвае супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, гандлю, сацыяльных, культурных сувязяў і ўмацаванне бяспекі. Краіна, што падпісвае такую дамову з ЕС, павінна правесці адпаведныя рэформы. У абмен на гэта яна можа атрымаць бяспошлінны доступ да рынкаў ЕС, а таксама фінансавую або тэхнічную дапамогу. Пагадненне аб асацыяцыі ўключае ў сябе і пагадненне аб свабодным гандлі.