З'явіліся новыя здымкі жахлівай аварыі з удзелам маршруткі ва Ушацкім раёне
Следчы камітэт апублікаваў у Facebook новыя здымкі жахлівай аварыі з удзелам маршруткі ва Ушацкім раёне. Раніцай 5 студзеня на 29-м кіламетры трасы Лепель — Полацк — мяжа Расійскай Федэрацыі адбылося сутыкненне МАЗа, які перавозіў бульдозер, і маршрутнага таксі, якое ехала ў Мінск. Адзін чалавек загінуў (пасажыр маршруткі, 28-гадовы жыхар Наваполацка), 8 чалавек атрымалі траўмы, іх завезлі ў бальніцу (два з іх — у рэанімацыі).
Як паведаміў БЕЛТА прадстаўнік ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц, бульдозер, які зачапіў маршрутку, перавозіўся з парушэннямі. Мікрааўтобус зачапіў яго коўш, які ніяк не быў абазначаны. МАЗ з бульдозерам ехаў з Мінска ў Полацк, пагрузка адбывалася ўначы. Кіроўца выехаў а 3-й гадзіне, хаця такі груз перавозіць у цёмны час сутак катэгарычна забаронена.