10 хвілін на зборы: як студэнтаў, адлічаных за пратэсты, забіраюць у войска

10 хвілін на зборы: як студэнтаў, адлічаных за пратэсты, забіраюць у войска

Адлічаныя за акцыі пратэсту студэнты адзін за адным апынаюцца ў беларускім войску. Восеньскі прызыў падоўжылі — складаецца такое ўражанне, што ледзь не адмыслова дзеля іх. Усё робіцца вельмі хутка: пратэстоўцаў адпраўляюць служыць адразу пасля медкамісіі, нават не даючы часу сабрацца.

Ну, не хочуць вучыцца, тады радзіму трэба бараніць, — яшчэ ў жніўні сказаў пра студэнтаў-бунтаўнікоў Лукашэнка.

“Трэба паспяшацца”

У канцы верасня з МДЛУ за ўдзел у акцыях пратэсту адлічылі 15 студэнтаў. Адзін з іх — Сяргей Грахольскі. Ён вучыўся на 3 курсе факультэта англійскай мовы.

З 28 снежня ён служыць у транспартных войсках у Слуцку.

10 хвілін на зборы: як студэнтаў, адлічаных за пратэсты, забіраюць у войска
Сяргей Грахольскі / фота з асабістага архіва

За тыдзень да таго Сяргея выклікалі ў ваенкамат, каб спраўдзіць, што ён больш не студэнт. Там яго чакала позва на медкамісію — на той жа дзень. Але для медкамісіі патрэбныя даведкі. Калі хлопец растлумачыў гэта, яму далі два дні на тое, каб іх атрымаць.

На маё пытанне: “Навошта такая спешка” — адказалі, што прызыў падоўжылі да 1 студзеня, таму “трэба паспяшацца”.

Адлічанага студэнта забралі ў войска адразу пасля медкамісіі. Зміцер Грамадскі, таварыш Сяргея Грахольскага, які таксама быў адлічаны — з 4 курса ФАМ, расказвае Еўрарадыё, што яны часта хадзілі на акцыі пратэсту ва ўніверсітэце:

Думаю, што пра яго ўдзел адміністрацыя даўно ведала, бо ён высокі — 190 сантыметраў. Цяжка не заўважыць. Цікава, што яго не выклікалі да дэканаў, мабыць, баяліся з ім спрачацца. Ён заўсёды добра ўмеў гэта рабіць. Быў здзіўлены, што яго адлічылі. Ён быў прыкметны, але падчас забастоўкі моцна не свяціўся.

Па словах хлопца, ледзь не ад самага адлічэння ва ўніверсітэце “паўсюль круціўся ваенрук, але нікога не змог злавіць”. Але для Сяргея Грахольскага гэта не ўяўляла вялікай праблемы. Хлопец хацеў пайсці служыць пасля ўніверсітэта. Яму падабаецца вайсковая тэматыка і зброя.

Ён мог апісаць форму кожнага з тых хлопцаў з Дэпартамента аховы, якія стаялі ў нас пад універам. Адзін з тых мужыкоў часта прыходзіў апрануты не па стандарце. Так мы зрабілі выснову, што гэта быў чалавек з іншых органаў, якога паставілі назіраць і за намі, і за хлопцамі з Дэпартамента аховы.

10 хвілін на зборы: як студэнтаў, адлічаных за пратэсты, забіраюць у войска
Пратэсты студэнтаў у верасні / Еўрарадыё

Сяргей планаваў з’ехаць з Беларусі, але, па-першае, не мог вырашыць куды, а па-другое, паміж прызывамі хацеў закрыць усе пытанні з войскам.

Ён сам вырашыў праходзіць медкаміссію. Не думаю, што факт яго эвакуацыі ў войска яго засмуціў. Але сама сітуацыя: далі дзесяць хвілін на зборы пасля медкамісіі — дурацкая. За Сяргея можна не турбавацца, яму не будзе нудна, калі служба будзе цікавай.

Зміцер Грамадскі цяпер у Кіеве. У яго атрымалася паступіць ва ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. Вяртацца ў Беларусь хлопец пакуль не плануе.

Трэба было не трапляцца

Сярод адлічаных пасля пратэставых акцый у БНТУ — студэнт прыладабудаўнічага факультэта Андрэй Занько. Яго аднакурснік расказвае Еўрарадыё, што Андрэй не ўдзельнічаў у пратэставых акцыях. Але яго затрымалі 26 кастрычніка, калі іншыя студэнты пратэставалі непадалёк ад універсітэта.

10 хвілін на зборы: як студэнтаў, адлічаных за пратэсты, забіраюць у войска
Андрэй Занько (злева) / фота з асабістага архіва

На самай справе я быў на акцыі. Мы проста дамовіліся сустрэцца каля БНТУ, каб пайсці на заняткі. Толькі Андрэй падышоў — прыехалі машыны і пачаліся затрыманні.

У аднакурсніка атрымалася ўцячы, а Андрэй атрымаў штраф — 405 рублёў. Тэлефон у хлопца ўзялі ў заклад, пакуль штраф не будзе сплачаны. Потым выявілася, што яго яшчэ і адлічаюць з універсітэта. 

У адміністрацыі гэта ніяк не тлумачылі. Было пасяджэнне, на якім збіралі ўсіх затрыманых студэнтаў. Іх азнаямлялі з выпіскай з загада аб адлічэнні. Проста казалі, што трэба было не трапляцца. І ўсё. Адлічалі ўсіх без разбору. Там сядзеў прадстаўнік ваенкамата і адразу выдаваў позвы. А што выкладчыкі скажуць? Казалі: “Вось такая сістэма ў нас, што зробіш...”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі