5 студзеня ў Беларусі зноў падаражэла аўтамабільнае паліва: разбіраемся — чаму
Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / drive2.ru
У нядзелю, 5 студзеня, у Беларусі рознічныя кошты на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін выраслі на 1 капейку. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе "Белнафтахіма".
На прадпрыемстве тлумачаць: паколькі наша краіна не мае ўласную вуглевадародную сыравіну ў неабходнай колькасці, неабходна забяспечыць стабільную працу нафтаперапрацоўчых заводаў.
Зараз беларускія НПЗ завяршаюць маштабную мадэрнізацыю, якая накіравана на павышэнне эфектыўнасці работы нафтахімічнага комплексу краіны. Гэта павінна дапамагчы вывесці беларускія прадпрыемствы на адзін узровень з сусветнымі лідэрамі нафтаперапрацоўкі. Штогадовыя змены параметраў падатковага манеўру, які прыводзіць да падаражэння кошту нафты, якая закупляецца беларускімі НПЗ, карэкціроўка цэн на маторнае паліва патрэбна, каб падтрымліваць эфектыўную работу айчынных заводаў.
Раней цэны на паліва на ўнутраным рынку стрымліваліся. У выніку гэтага НПЗ нарасцілі крэдытную запазычанасць і пагоршылі фінансавы стан. У 2018 годзе коштавая сітуацыя на ўнутраным рынку стала выраўноўвацца.
Змяненне цэн залежыць ад комплекснай ацэнкі асноўных цэнаўтвараўчых фактараў, напрыклад, ад цаны на закупленую нафту, падатковай нагрузкі, курсу нацыянальнай валюты.
У прэс-службе звяртаюць увагу: каб захаваць энергетычную бяспеку Беларусі, трэба дамагчыся ўстойлівага развіцця айчыннай нафтаперапрацоўкі. Калі нафтаперапрацоўчых магутнасцяў у краіне не хапае, гэта аўтаматычна прыводзіць да падаражання паліва. Кошты і ўмовы выстаўляюць замежныя пастаўшчыкі. Пад іх уплывам беларускія кошты на маторнае паліва індэксаваліся, але яны застаюцца на 30-40 працэнтаў ніжэй, чым на сумежных еўрапейскіх і ўкраінскім рынках.
"Беларускія НПЗ сістэмна павышаюць эфектыўнасць і зніжаюць затраты на вытворчасць за кошт мадэрнізацыі і рэканструкцыі тэхналагічных аб'ектаў, — распавядаюць у "Белнафтахіме ". — Эканамічны эфект ад рэалізацыі мерапрыемстваў па зніжэнні выдаткаў за 2019 год ацэньваецца ў 60 міліонаў долараў ЗША".
Там таксама дадаюць, што каб захаваць аптымальны баланс суадносін "кошт-якасць" на прадукцыю беларускай нафтаперапрацоўкі і абароны інтарэсаў аўтаўладальнікаў, цэны на аўтамабільнае паліва павышаюцца паэтапна. Абраная стратэгія павінна змякчыць ўплыў змены коштаў на нафтапрадукты, эканоміку ў цэлым, а таксама на кожнага спажыўца ў прыватнасці.
За 2019 год кошты на маторнае паліва ў рэспубліцы ў сярэднім былі павялічаныя на 13 працэнтаў. Сусветная каціроўка нафты за названы перыяд вырасла да 17 працэнтаў.
У студзені 2020 года каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца. У асобныя перыяды яны дасягаюць 68 долараў ЗША.
Пры сённяшнім узроўні сусветнай каціроўкі толькі ў выніку негатыўнага ўплыву падатковага манеўру кошт нафты для беларускіх НПЗ у адносінах да папярэдняга года стане вышэй больш чым на 20 долараў ЗША на 1 тону (гэта складзе 5 працэнтаў да ўзроўню цаны 2019 года).
Каб забяспечыць стабільную працы беларускай нафтаперапрацоўчай галіны ў такіх умовах, канцэрн "Белнафтахім" працягвае прынятую стратэгію паэтапнага змянення цэн на маторнае паліва. 5 студзеня 2020 года цана на АЗС вырасла на 1 капейку.
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складае 1,65 рублёў, АІ-95-К5-Еўра — 1,75 рублёў, АІ-98-К5-Еўра — 1,97 рублёў, ДТ — 1,75 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.