Абсалютна не шкадую пра свой выбар: Калеснікава пра парваны на мяжы пашпарт

Марыя Калеснікава  / @viktarbabarykaofficial
Марыя Калеснікава  / @viktarbabarykaofficial

У турме не хапае ўсяго: паветра, сонца, музыкі, флейты, лістоў, зносін і душа, але калі ведаеш, навошта, усё роўна, як, заявіла Марыя Калеснікава ў інтэрв'ю Deutsche Welle. Яна адказала на пытанні журналістаў з турмы.

Падчас выбарчай кампаніі 2020 Калеснікава ўзначальвала штаб экс-банкіра Віктара Бабарыкі, а затым далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай. Пасля выбараў удзельнічала ў Каардынацыйнай радзе. У верасні 2020 года яе спрабавалі сілай вывезці ва Украіну, але Калеснікава на мяжы парвала пашпарт. У выніку была затрыманая. 6 верасня 2021 года разам з юрыстам Максімам Знакам яе прызналі вінаватай у тым ліку ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Яе асудзілі на 11, Знака — на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Але і цяпер Калеснікава кажа, што не шкадуе пра свой учынак на мяжы.

"Абсалютна не шкадую пра свой выбар. Турмы перапоўненыя сумленнымі, адважнымі людзьмі, якія і не думаюць здавацца, нават нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск. Для мяне гонар прайсці са сваім народам гэты шлях да свабоды і пераменаў. У кожнага свая роля ў гэтай гісторыі", — кажа яна.

Вынесены прысуд яна называе абсурдам. Прасіць памілавання не збіраецца.

"Рэжым хоча перакласці ўсю адказнасць на нас за свае памылкі. У рэчаіснасці захоп улады ў Беларусі здзейсніў адзін чалавек. Лічбы ў 10 і 11 гадоў толькі пацвярджаюць гэты факт", — адзначыла яна.

Ни на йоту не жалею о своем выборе — Колесникова о порванном на границе паспорте
Марыя Калеснікава і Максім Знак у судзе / sb.by

Яна з вялікай павагай гаворыць пра людзей, якія спрабуюць працягваць барацьбу з-за мяжы. На яе думку, "кожны беларус робіць усё, што можа, і любы маленькі крок — гэта ўклад у агульную справу". Аднак важна "не адрывацца ад рэальнасці і разумець, што сітуацыя даволі цяжкая і, як ужо відаць, вырашацца будзе даволі доўга".

Журналісты спыталі Калеснікаву, чым бы яна занялася, калі б аказалася зараз на свабодзе. Яна прызналася, што ў яе шмат ідэй. Напрыклад, з задавальненнем арганізавала б у СІЗА культурны асяродак, "музей ахвяраў камунізму, таталітарызму і іншых "ізмаў". Ёсць ідэя і сацыяльнага праекта — стварыць цэнтр для сацыялізацыі і рэабілітацыі жанчын пасля зняволення.

На пытанне пра агульны настрой Марыя Калеснікава сказала, што не сумуе і нават у турме радуецца кожнаму дню.

"Я дакладна ведаю, што гэта скончыцца, і я змагу ўбачыць і абняць сваіх родных і блізкіх. Нават пры амаль поўнай адсутнасці перапіскі ўвесь год я адчуваю клопат і любоў людзей у Беларусі і ва ўсім свеце. Гэта дае каласальную сілу і энергію", — прызналася яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі