Ад санкцый у дачыненні да “Белавіі” пацерпяць і ірландскія кампаніі

Ад санкцый у дачыненні да “Белавіі” пацерпяць і ірландскія кампаніі

Ад таго, што ірландскія лізінгавыя кампаніі забяруць у “Белавія” свае самалёты — пацерпяць не толькі беларускі авіяперавозчык, але і самі ірландцы. Такую думку выказаў у размове з Еўрарадыё галоўны рэдактар партала Avia.ru Раман Гусараў.

“Лізінгавыя дагаворы часцей разрываюцца самім эксплуатантам, то бок, авіякампаніяй, калі ў той узнікаюць цяжкія фінансавыя часы. Дагавор лізінга звычайна мае тэрмін, і датэрміновае скасаванне можа прывесці да штрафных санкцый — то бок, фінансавых стратаў. Лізінгавая кампанія вельмі не зацікаўленая ў тым, каб да яе вярнуліся самалёты”, — тлумачыць суразмоўца.

Зацікаўленыя яны ў тым, каб здаць самалёты на вялікі тэрмін, кажа Гусараў. Пакуль яны стаяць на зямлі, лізінгавая кампанія выдаткоўваецца на ўтрыманне самалётаў і нічога з таго не зарабляе.

Каля паловы самалётаў ва ўсім свеце авіяперавознікі арандуюць праз ірландскія лізінгавыя кампаніі. “Белавія” таксама больш за палову свайго паветранага флоту брала ў лізінг у ірландцаў. А міністр замежных спраў і абароны Ірландыі Сайман Ковені заявіў, што новыя санкцыі Еўразвязу закрануць і дзеючыя лізінгавыя кантракты беларускага авіяперавозніка.

Кампанію падазраюць у тым, што яна ўдзельнічала ў перакідванні мігрантаў да беларуска-польскай мяжы. Калі “Белавія” абавяжуць вярнуць усе 17 узятых у лізінг самалётаў, у яе застанецца толькі 12 бартоў. Суразмоўца Еўрарадыё кажа, што такога роду санкцыі — гэта “па вялікім рахунку падарунак”.

“Белавія” і без санкцый была вымушаная скарачаць флот. Спярша таму, што кампанію, як і ўсіх авіяперавознікаў у свеце, падкасіў каранавірус. Пазней праз тое, што для беларускай авиякампаніі закрылі неба над Еўропай. 

А цяпер “Белавія” можа трапіць у “пяты пакет” еўрапейскіх санкцый — хаця адзінства на гэты конт у Еўрасаюзе няма. Некаторыя краіны прапануюць пакінуць беларускага авіяперавозчыка ў спакоі. Магчыма, паверылі Лукашэнку, які кажа, што мігранты лётаюць не самалётамі “Белавія”, а нейкімі там “сваімі боінгамі”.

А магчыма — кіраўніку дэпартамента авіацыі Арцёму Сікорскаму. Ён тлумачыў, што рост колькасці рэйсаў на Стамбул тлумачыцца не тым, што “Белавіа” пачала вазіць мігрантаў, а тым, што большая частка еўрапейскіх краін для перавозчыка закрытая пасля пасадкі ў Мінску борта Ryanair з Раманам Пратасевічам.

Праблем з тэхнікай у “Белавія” Гусараў не прадбачыць. Зараз з-за пандэміі шмат у якіх кампаній самалёты проста “стаяць”, у любы час можна проста арандаваць і паляцець. Праблема ў тым, што паляцець па старых накірунках зараз немагчыма зусім не таму, што не хапае самалётаў.

Нягледзячы на тое, што колькасць рэйсаў у “Белавіа” зменшылася, увесь гэты час па лізінгавых кантрактах даводзілася плаціць, таму санкцыі могуць дазволіць “Белавія” ашчадзіць крыху грошай. Пры гэтым гендырэктар авіякампаніі Мікалай Чаргінец сцвярджае, што тых самалётаў, якія застануцца, хопіць, каб выканаць усе запланаваныя рэйсы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі