Адпрацаванае ядзернае паліва з БелАЭС будзе адпраўляцца ў Расію. Можа быць…
Беларусам абяцалі, што адпрацаванае ядзернае паліва будзе з БелАЭС адпраўляцца ў Расію на перапрацоўку. Вось толькі адпаведнае пагадненне дагэтуль так і не падпісанае. Калі яго збіраюцца падпісаць, карэспандэнт Еўрарадыё цікавіцца ў намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка.
“У нас у міжурадавым пагадненні па будаўніцтве Беларускай атамнай станцыі, якое мы падпісалі яшчэ ў 2012 годзе, такая норма, што мы можам адпраўляць адпрацаванае ядзернае паліва на перапрацоўку, яна прадугледжаная. Такім чынам, прынцыпова ў нас пагадненне падпісанае. А ўжо працоўныя дакументы ― яны ў стадыі распрацоўкі”, — кажа Міхаіл Міхадзюк.
Каб толькі не атрымалася, што гэтыя “працоўныя дакументы” больш важныя за падпісанае “прынцыповае пагадненне”. Бо менавіта ў працоўных дакументах можа быць прапісана, да прыкладу, колькі нам давядзецца плаціць расіянам за перапрацоўку таго адпрацаванага ядзернага паліва.
Дарэчы, намеснік міністра энергетыкі адказу на гэтае пытанне не дае. Маўляў, гэта “пытанні камерцыйныя, а кошты кожны год мяняюцца”. А яшчэ цікава, дзе будзе захоўвацца тое перапрацаванае паліва з БелАЭС?
Міхаіл Міхадзюк: “Адпрацаванае ядзернае паліва павінна захоўвацца дзесяць гадоў у адмысловым сховішчы тут, у басейне вытрымкі для ахалоджвання. Гэты басейн знаходзіцца пад купалам рэактарнага аддзялення. Пасля гэтага яно, ахалоджанае, перагружаецца ў адмысловыя кантэйнеры і можа захоўвацца на пляцоўцы, а можа перапраўляцца на перапрацоўку. Пасля перапрацоўкі застаюцца нейкія адкіды, якія павінны захоўвацца ў спецыяльных месцах”.
Што гэта за спецыяльныя месцы і дзе яны будуць размешчаныя? Выглядае на тое, што Беларусі давядзецца будаваць новыя сховішчы для радыеактыўных адкідаў?
Міхаіл Міхадзюк: “У праекце атамнай станцыі прадугледжаныя тэхналогіі па перапрацоўцы эксплуатацыйных ядзерных адкідаў, якія пэўны час будуць захоўвацца на станцыі, а потым, згодна са стратэгіяй абыходжання з ядзернымі адкідамі, у рэспубліцы будзе будавацца спецыяльнае збудаванне…”
Чыноўнік супакойвае: у Беларусі і цяпер ёсць такія “збудаванні” для захоўвання ядзерных адкідаў, што застаюцца ў выніку дзейнасці медыцынскай ды іншых “галін народнай гаспадаркі”. “Ну, з улікам атамнай станцыі, іх колькасць будзе павялічаная”, ― спакойна дадае Міхаіл Міхадзюк.
Вось толькі на самой справе, не ўсё так проста і відавочна ― і наконт вывазу адпрацаванага ядзернага паліва ў Расію, і наконт будаўніцтва “магільнікаў” ды захоўвання розных ядзерных адкідаў у Беларусі. Небяспечныя моманты вынікаў дзейнасці БелАЭС у размове з Еўрарадыё тлумачыць расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
Андрэй Ажароўскі: У пагадненні паміж Расіяй і Беларуссю аб будаўніцтве атамнай станцыі гаворыцца, што “адпрацаванае ядзернае паліва, набытае ў расійскіх арганізацый, падлягае вяртанню ў РФ для перапрацоўкі на ўмовах, вызначаных бакамі ў асобным пагадненні”. Але гэтага “асобнага пагаднення” дагэтуль няма. І мы не ведаем, ці рыхтуецца яно і калі будзе падпісанае. А пакуль няма пагаднення, няма і прававой падставы для адпраўкі ў Расію на перапрацоўку адкідаў БелАЭС. Да ўсяго, паводле расійскага заканадаўства, у Расію дапускаецца часовы ўвоз адпрацаванага ядзернага паліва з абавязковым вяртаннем прадуктаў перапрацоўкі ў краіну паходжання. Таму не трэба рабіць выгляд, што высокаактыўных адкідаў у Беларусі не будзе. Перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва ― гэта хімічны працэс. У выніку яго ўтвараецца вялікая колькасць вадкіх радыеактыўных адкідаў, якія будуць “выпараныя”, запакаваныя ў шкло і адпраўленыя ў Беларусь. Бо вы павінны несці адказнасць за тое, што пабудавалі ў сябе станцыю.
Еўрарадыё: Да апошняга часу беларусы былі ўпэўненыя, што ўсе ядзерныя адкіды БелАЭС будуць вывозіцца ў Расію, а цяпер ідзе гаворка пра захаванне іх у Беларусі…
Андрэй Ажароўскі: Справа ў тым, што ў адпаведнасці з сусветнай практыкай, краіна, якая вырабляе адкіды, нясе поўную адказнасць за гэтыя адкіды. Таму думаць, што ў Беларусі атрымаецца адправіць свае адкіды ў Расію і такім чынам ад іх пазбавіцца, не варта. Гэта падман, які, як я разумею, прыхільнікі атамнага праекта запусцілі ў грамадства. Магчыма, што частка адпрацаванага ядзернага паліва часова паедзе ў Расію на перапрацоўку, але пасля адкіды зноў вернуцца ў Беларусь. Таму правільна, што ўжо цяпер рыхтуюцца да будаўніцтва сваіх пахаванняў для гэтых адкідаў. Іх можа быць некалькі: адзін ― для высокаактыўных, другі ― для нізка- і сярэднеактыўных. Гэта дастаткова дарагая рэч: можа спатрэбіцца да 1 мільярда еўра на будаўніцтва. Добра, што Мінэнегра Беларусі пачало казаць пра пункты пахавання ўжо цяпер, але неабходна запатрабаваць ад іх поўны аналіз і ацэнку кошту будаўніцтва пунктаў пахавання. Бо калі станцыя ўсё ж пачне працаваць і выпрацоўваць адкіды, то гэта будуць адкіды беларускія, ваш галаўны боль.