Алесь Белы: Зміцер Сідаровіч пакінуў шмат слядоў, у якія ўкладзена яго душа

На выхадных не стала вядомага барда Змітра Сідаровіча. Яго знайшлі мёртвым ва ўласнай кватэры ў Мінску. Прычына смерці пакуль не называецца, але неафіцыйную версію, што музыку забілі, следчыя не пацвердзілі, бо не знайшлі прыкмет гвалтоўнай смерці. Прынамсі, не было бачных цялесных пашкоджанняў на целе памерлага.

Зміцер Сідаровіч нарадзіўся ў 1965. Бадай самы вядомы музычны праект Змітра — этна-рок-гурт “Камэлот”, які быў створаны ў 1991 годзе разам з Валянцінам Агеевым, Алесем Кішкіным ды Ігарам Войнічам.

“Канец 80-х нарадзіў безліч беларускіх рамантыкаў, — узгадвае Ігар Войніч. — Было новае адраджэнне, росквіт. Тады ж быў уздым рыцарскага руху. Бо рыцар — свабодны чалавек. Зміцер прыносіў даволі простыя песні, бо ён жа быў бард, а мы з Кішкіным іх апрацоўвалі. Кішкін начытаўся Толкіена і вельмі хацеў выконваць нешта ў тэме. Таму мы і вырашылі аб’яднаць рок-песню, этнас ды бардаўства. Атрымалася, што мы рабілі нешта зусім арыгінальнае не толькі для Беларусі, але і на прасторы былога СССР. Таму нас і запрашалі з выступамі за мяжу. Мы гралі і ў Даніі, і ў Польшчы”.

У 1995 годзе “Камэлот” запісвае першы і адзіны альбом “У краіне талераў”, які вельмі добра ацэньваюць слухачы. А некаторыя песні з альбома (“Грай, дудар!”, ці “А дзе ж тыя ваяры?”) з цягам часу пачалі ўспрымацца, як народныя.

“Спачатку мы выдалі тысячу касет з альбомам, іх так хутка раскупілі, што давялося выдаваць яшчэ адзін наклад на дзве тысячы асобнікаў, а потым яшчэ на пяць, — працягвае Ігар Войніч. — Потым былі і пірацкія перавыданні касет, але іх ужо ніхто не адсочваў. Прэзідэнт “TON-records”, які выдаваў альбом, прызнаўся, што не чакаў, што беларуская песня можа прадавацца. Але прадзюсарства ў нас дагэтуль па сутнасці няма, і ні для каго не сакрэт, што дзяржава душыць беларускую песню. Было гэта і тады. І ў кампаніі, якая нам выдавала касету, былі праблемы з-за беларускіх песень”.

Пасля рэферэндуму 1996 года “Камэлот” фактычна раскалоўся. Тады ў музыкаў быў вельмі складаны перыяд, а Зміцер Сідаровіч перажываў творчы крызіс, выкліканы палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі падзеямі ў краіне.

“Некалькі месяцаў таму мы размаўлялі з ім пра супрацоўніцтва, ён зноў быў на ўздыме, але, на жаль, не паспелі”, — дадае Ігар Войніч і выказвае шчырыя спачуванні сям’і Змітра.

У 2001-м годзе Зміцер Сідаровіч паўдзельнічаў у запісе другога альбома гурта “Стары Ольса”Вір”. Таксама ён даследаваў гісторыю музыкі, стварыў даведнік “Вялікія музыкі XX стагоддзя”, выдаў зборнік вершаў “Тры жалуды”, ладзіў штотыднёвую “Шляхецкую фолк-вечарыну” ў Палацы культуры МАЗ.

“Гэта быў чалавек, які здольны быў сачыняць вельмі прыгожыя мелодыі і пісаць вельмі цікавыя тэксты, — кажа лідар гурта “Стары Ольса Зміцер Сасноўскі. — Праца з ім прыносіла задавальненне. Акрамя таго, у нас ёсць братэрства дудароў імя святога Васіля. Калі дудар ды яшчэ такі сталы, вядомы знікае — гэта заўсёды сумная навіна. Мы ўсе ўжо стэлефанаваліся і мы ўсе смуткуем”. 

У апошнія гады Зміцер пачаў запісваць і выдаваць музыку для дзяцей. Ён спрадзюсаваў “Дзіцячы альбом”.

“Ён лічыў вельмі сур’ёзным дасягненнем “Дзіцячы альбом”, — узгадвае гісторык беларускай кулінарыі, гаспадар аграсядзібы “Мартынова гусь”, дзе апошнім часам выступаў Зміцер Сідаровіч, Алесь Белы. — Гэта вельмі важны праект, які мае агульнанацыянальнае значэнне, але, як многія яго праекты, на жаль, недаацэнены. Шкада, але вельмі шмат рэчаў, над якімі ён працаваў, так і застануцца няскончанымі. Напрыклад, мы планавалі нешта накшталт такога хатняга мюзікла пра міжваеннае жыццё, дзе самі сыгралі б галоўныя ролі. Ён рабіў накіды на яшчэ адзін мюзікл пра вызваленне Балгарыі і іншых балканскіх краін у часы Руска-Турэцкай вайны…”

Алесь Белы перакананы, што Зміцер Сідаровіч пакінуў вялікі архіў песень, якія трэба даробліваць, аранжыраваць. Засталося безліч праектаў, якія былі зробленыя на 80 адсоткаў, але так і не былі скончаныя, бо не хапала на ўсё часу.

“Ён быў вельмі камунікабельны і заводзіўся з паўабарота на любое супрацоўніцтва, — працягвае Алесь. — Выпадкова кінуты выраз ці ідэя маглі стаць штуршком, каб пачаць працу над нейкім міні-праектам. Вельмі шкада, што ў такім маладым узросце яго не стала. Ён нават не паспеў пабачыць ужо змантаваны фільм пра беларускія танцы, якія ладзіў і адраджэнню якіх прысвяціў вельмі шмат часу. Так што ён вельмі шмат слядоў пакінуў, прычым, не павярхоўных, а ў якіх укладзена яго душа і сэрца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі