Аляксандр Лукашэнка і Ганна Канапацкая (фотафакт)
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая змясціла на сваёй старонцы ў Facebook фота, на якім можна пабачыць яе размову з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Побач стаялі старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. У той дзень Лукашэнка выступаў з пасланнем да народу і парламента, а пасля адказваў на пытанні, у тым ліку і Канапацкай.
“У канцы сустрэчы ў мяне адбылася нефармальная размова з прэзідэнтам, падчас якой мы абмеркавалі дэпутацкую працу, яе некаторыя тэхнічныя моманты, — піша Ганна Канапацкая. — Лукашэнка пацікавіўся, як я прадстаўляю нашу краіну падчас сваёй міжнароднай дзейнасці. Мая пазіцыя ў гэтым, як прынамсі і іншых пытаннях ясная і дакладная — толькі аб’ектыўная інфармацыя і прадстаўленне інтарэсаў, накіраваныя на пазітыўнае і дынамічнае, дэмакратычнае і прававое развіццё нашай Беларусі. Я выказала надзею, што нягледзячы на знаходжанне на розных баках “барыкад” з прэзідэнтам, нашыя мэты супадаюць — еўрапейская дэмакратычная Беларусь у цэнтры Еўропы”.
“Нефармальная размова” адбылася, калі Аляксандр Лукашэнка сыходзіў з залы. Таму ўсе прысутныя ўсталі і стаялі, пакуль ён не пагаварыў з Канапацкай.