Амаль 40% мінскіх путан і 48% гомельскіх колюць у вену наркотыкі

Падчас падрыхтоўкі серыялу пра беларускі сэкс-бізнэс запытваемся ў адной з вулічных путан (завуць Танюша, 29 гадоў), што б яна зрабіла, калі б атрымала паўнамоцтвы.

“Я б усё легалізавала, чаму б і не. Усе б сышлі з вуліц, была б праверка на наркотыкі, сіфіліс і гэтак далей. Не было б інфекцый. Праводзіліся ж апытанні — 98% нашых за легалізацыю. Але ў адказ мы чуем: “Не, і ўсё тут!” А мы б плацілі падаткі. Я б ведала, што каля мяне стаіць міліцыянер, які мяне ахоўвае. Мы б знаходзіліся ў нейкім доме, нікому б не перашкаджалі…”

У краінах Заходняй Еўропы да сэкс-бізнэсу няма адназначнага падыходу. Напрыклад, у Нідэрландах і Германіі з’яву легалізавалі. І сапраўды, інфекцыі распаўсюджваюцца нашмат меншымі тэмпамі, паліцыя трымае сітуацыю пад кантролем. Але ў той жа Германіі работніц сэкс-бізнэсу каля 400 тысяч (!) чалавек.

А вось у Швецыі і Францыі іншы падыход: штрафуюць кліентаў. Пакаранні дасягаюць 3500 еўра. Гэта моцна ўдарыла па колькасці салдатак сэкс-бізнэсу. Тыя, хто застаўся, сышлі глыбока ў падполле і сталі лёгкімі ахвярамі для мафіёзі.

Абедзве меры спрэчныя, але як бы там ні было, праблема абмяркоўваецца і з’яву спрабуюць з пераменным поспехам узяць пад кантроль.

Частка 1: "Зарабляю сэксам з-за хваробы маці. Сярод нас і наркаманкі, і настаўніцы"

У нас гэтая праблема пакуль шырока не абмяркоўвалася. Але ў перспектыве яна стаіць. Таму што ў нас нават некаторыя дзяржаўныя дзеячы сталі прапаведаваць: “Давайце мы легалізуем прастытуцыю”. Нават такія былі памкненні, што прыйшоў час з прастытутак браць падатак, — абураецца старшыня грамадскага Савета па маральнасці Мікалай Чаргінец. — Сябрам нашага Савета было дадзенае даручэнне вывучыць праблему, сапраўды, трэба падумаць, што з гэтым рабіць. І хоць з’ява старажытная, усё адно мы скрозь пальцы глядзім на гэта”.

Еўрарадыё: Але да легалізацыі сэкс-бізнэсу вы ставіцеся катэгарычна адмоўна, так?

Мікалай Чаргінец: “Жыццё такое, што часам жанчына робіцца прастытуткай, калі гаворка ідзе пра тое, жыць ці не жыць яе дзіцяці ці ёй самой, груба кажучы. Да пытання трэба падыходзіць узважана, але рабіць з прастытутак прафесійных работнікаў — гэта памылка, я лічу. Гэта такое інтымнае пытанне, што легалізуй яго — і гэта можа выклікаць зваротны эфект. Раскажу вам кароткі анекдот. Муж прыйшоў п’яны, паскандаліў з жонкай і назваў яе прастытуткай. Назаўтра падымаецца, памыўся, пагаліўся, сядае за сняданак. А жонка нічога не падае. Ён пытаецца: “Слухай, дык калі снедаць будзем?” Яна кладзе перад ім паперку з агромністай сумай грошай: “Ты мяне ўчора назваў прастытуткай, таму я хацела б атрымаць выплаты за ўсе гады адразу”. Я баюся, што межы пачнуць сцірацца, што такім чынам мы пачнём папулярызаваць прастытутку, яна ўжо стане і для дзяцей прывабнай, нехта захоча сябе ў гэтай галіне рэалізаваць. Прастытуцыя была і будзе, але чым менш будзе зацікаўленых дзяцей, тым менш з іх пойдзе ў гэтую дзейнасць”.

Такім чынам, праблема ў Беларусі пакуль застаецца адкрытай.

Тым часам у сферы нашага сэкс-бізнэсу процьма праблем, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку ў краіне. Па-першае, колькасць вулічных путан залежыць ад наркатызацыі. Паводле афіцыйных дадзеных (так званы дазорны эпіднагляд 2013 года), у Мінску амаль 40% такіх дзяўчат спажывае ін’екцыйныя наркотыкі. Гэта без спайсаў, марак і парашкоў. У Гомелі колецца амаль 48% вулічных путан. І гэта, як разумееце, аптымістычныя лічбы.

“Кліенты ў першую чаргу рызыкуюць атрымаць інфекцыі, што перадаюцца палавым шляхам — ВІЧ, гепатыт, сіфіліс і іншыя. Нам вядома, што некаторыя мужчыны імкнуцца дадаткова плаціць за сэкс без прэзерватыва”, — акрэслівае праблему Юлія Рыжкоўская, каардынатар па рабоце з жанчынамі сэкс-бізнэсу ў Мінску (працуе ў межах праекта “Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДУ ў Беларусі-3”).

Частка 2: Путаны расказваюць пра вычварэнствы кліентаў і свае паслугі (відэа, аўдыё)

У нашым Мінздароўя не падрыхтавалі нейкіх праграм, якія б запавольвалі распаўсюджванне захворванняў. А Глабальны фонд па барацьбе са СНІДам, сухотамі і малярыяй, які гэтым займаецца, хутчэй за ўсё завершыць сваю дзейнасць у Беларусі ў 2018 годзе. 

Праблема нумар два. Юлія Рыжкоўская распавядае пра рызыкі саміх путан:

“У вулічных жанчын сэкс-бізнэсу самая галоўная праблема — гвалт з боку кліентаў. Мужчыны лічаць, што, аплаціўшы сэкс-паслугу, яны могуць рабіць з гэтай дзяўчынай усё што заўгодна. У нас было даследаванне, і па яго выніках 100% жанчын падвяргаліся гвалту ў той ці іншай ступені — ад вуснай абразы да спробаў забіць. Часта гэта бываюць групавыя згвалтаванні і эканамічны гвалт, калі за паслугу не плацяць. І толькі 9% жанчын сэкс-бізнэсу са 100% звярталіся ў міліцыю”.

Цалкам кантраляваць законнасць у нашым нелегальным сэкс-бізнэсе немагчыма. Але пра названыя праблемы на высокім узроўні ніхто не выказваецца. А час ідзе.

Фота gomelmedia.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі