Антынаркатычны дэкрэт: запалохванне ці рэальная барацьба

Аляксандр Лукашэнка не проста падпісаў антынаркатычны дэкрэт, а зрабіў гэта ў выхадны дзень. Пра сур’ёзнасць дзяржаўных намераў сведчыць і назва — “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”.

Што самае важнае ў дэкрэце?

Бадай, самая разумная мера — механізм забароны любых “хітрых” наркотыкаў новага пакалення, якія сталі сапраўднай праблемай у Беларусі.

З 2004 года ў нас прадавалі “бубкі”, замаскіраваныя пад насенне харчовага маку. З гэтай субстанцыі ў хатніх умовах гатавалі ін’екцыйную “шырку”, якая па ўздзеянні нагадвала гераін. Гэты “павольны” наркотык стаў самым папулярным у краіне.

Паралельна з 2008 года ў Беларусі з’явіліся сінтэтычныя псіхатропы новага пакалення. На слэнгу іх называлі “легалкай”. Гэта спайсы, ін’екцыйныя парашкі, маркі і іншае. Дзясяткі новых рэчываў і субстанцый спачатку не былі ўключаныя ў рэспубліканскі пералік наркотыкаў. У лепшым выпадку іх месяцамі распаўсюджвалі паўлегальна. У новым дэкрэце прапісаныя меры па забароне такой “легалкі” за лічаныя дні.

Спажыванне ін'екцыйнага парашку ў наркапрытоне

Сітуацыя з “хітрымі” наркотыкамі не мянялася доўгімі гадамі. На пачатку 2014 года Дэкрэтам №1 ударылі па “бубках”. І вось у канцы года канчаткова дабраліся да “легалкі”.

Стаўленне да наркадылераў горшае, чым да забойцаў

Па іншых мерах у антынаркатычным дэкрэце акцэнт зроблены на запужванне. Дадатковыя паўнамоцтвы па каардынацыі антынаркатычнай барацьбе надалі МУС.

Цяпер за збыт наркотыкаў у школах дылеру дадуць ад 13 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Для параўнання, за забойства наш Крымінальны кодэкс прадугледжвае ад 6 да 15.

За выраб наркотыкаў ва ўмовах лабараторый (хай сабе, яна хатняя і саматужная) дадуць ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі. За збыт у складзе арганізаванай групы пагражае ад 15 да 20. Калі прадаў наркотыкі, а пакупнік памёр, то рыхтуйся да 12-25 гадоў. Пры гэтым, як выказаўся Аляксандр Лукашэнка, для наркадылераў створаць асобныя “драконаўскія калоніі”.

Крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў пачне наступаць не з 16, а з 14 гадоў.

Выглядае, што наконт шалёных тэрмінаў для наркаспажыўцоў стваральнікі прэзідэнцкага дэкрэту ў нейкім сэнсе пайшлі шляхам Кітая. Толькі там за аналагічныя злачынствы часам пагражае смяротнае пакаранне.

Для наркаспажыўцоў — штрафы ці папраўчыя прафілакторыі

Некаторых палохае ўвядзенне штрафаў і рэальных тэрмінаў за спажыванне наркотыкаў. Пад "санкцыі" трапляюць не толькі спайсавыя галовы, якія пад уздзеяннем псіхатропа могуць выскачыць з акна ці выкалаць некаму вочы, але і аматары пакурыць марыхуану.

Такім чынам, за знаходжанне ў грамадскім месцы пад уздзеяннем наркотыкаў пагражае штраф ад 5 да 10 базавых адзінак (ад 750 тысяч да 1,5 мільёнаў на сённяшні момант). Паўторны “залёт” цягам года можа скончыцца лячэбна-працоўным прафілакторыем (ЛПП). Лічы, што дадуць 24 месяцы “хіміі”. Дэкрэт якраз і даручае стварыць для наркаспажыўцоў гэтыя спецыяльныя ЛПП.

Таксама з 1 сакавіка павінна запрацаваць Адзіная сістэма ўліку па наркаспажыўцах. Раней, калі чалавек, скажам, пераязджаў у іншы горад, то на новым месцы жыхарства не ведалі, што ён нарказалежны, і якая ў яго гісторыя хваробы. Адзіная сістэма ўліку нарказалежных не дазволіць людзям, якія туды трапілі, згубіцца. Пакуль чалавек будзе стаяць на ўліку, ён не зможа атрымаць правы кіроўцы і, як паказвае практыка, нармальна працаўладкавацца.

Барацьба з інтэрнэтам

“Прасунутыя” наркадылеры навучыліся распаўсюджваць наркотыкі сучасным спосабам. Вылавіць прадаўцоў атруты надзвычай складана.

Механізм звычайна выглядае так. Спажыўцы кладуць грошы на рахунак праз плацежны тэрмінал у любым супермаркеце. Потым праз інтэрнэт высылаюць код аплаты дылеру (той можа сядзець за камп’ютарам хоць у Панаме). У адказ пакупніку высылаюць спасылку з адрасам “закладкі”. Так званыя “мінёры” перад гэтым падкладваюць у схованку наркотык і сыходзяць, а спажывец прыязджае і атрымлівае тавар. Непасрэднага кантакту з “мінёрамі” няма і вылавіць іх няпроста. Што казаць пра таго буйнога дылера!

Расследаванне: Як у Беларусі прадаюць спайс і псіхатропныя парашкі

Новы дэкрэт уводзіць абавязковую ідэнтыфікацыю ўладальнікаў электронных кашалькоў, якія створаныя ў плацежных сістэмах на тэрыторыі Беларусі.

Па праўдзе, як атрымаецца гэту меры ажыццявіць, незразумела. Узяць пад кантроль электронныя плацежныя сістэмы, у якіх адбываюцца злачынныя здзелкі, шмат гадоў спрабуюць у тым жа ЦРУ. Але стваральнікі тых “крымінальных” сістэм часта абкручваюць амерыканскія спецслужбы вакол пальца. Ці атрымаецца нешта ў нашых — пытанне.

Ці пацерпяць ад дэкрэта “падманутыя” наркаспажыўцы?

У кожным разе, імклівую наркатызацыю трэба было спыняць. З-за так званых “легальных” наркотыкаў Беларусь атрымала вялікую колькасць цяжка хворых людзей. І вось, дэкрэт накіраваны на вырашэнне гэтай праблемы.

Аднак грамадства не на жарт ўсхваляванае, ці не трапяць у молах жорсткага закона невінаватыя? Не сакрэт, што ў наркабізнесе круцяцца шалёныя грошы, сюды ўцягнута нямала былых сілавікоў, якія, верагодна, не пазбавіліся добрых кантактаў.

Ці возьмуцца за сапраўды буйных рыб беларускага наркабізнэсу? Наіўна думаць, што тыя дзейнічаюць самастойна і абыходзяцца без “даху”.

У той жа час, ініцыятары беларускай “антынаркатычнай рэвалюцыі” тлумачаць, што жорсткія меры будуць ужывацца, каб найперш ударыць менавіта па наркадылерах і адгарадзіць ад уцягвання ў наркотыкі тую моладзь, якая вагаецца — паспрабаваць ці не.

Насцярожвае, што ў дэкрэце нічога не прапісана пра адзін з найважнейшых нюансаў: а што стане з сотнямі тысяч ужо хворых на нарказалежнасць людзей? Выходзіць, многія з іх трапілі ў пастку з-за легальнага статусу небяспечных наркотыкаў і з-за шматгадовай бяздзейнасці чыноўнікаў. А эфектыўна вылечыць гэтых людзей у нас практычна няма дзе.

200 тысяч наркаспажыўцоў збіраюцца вылечыць на 70 койках у лякарнях?

Таму толькі ў выпадку сапраўднай “медыцынскай рэвалюцыі” барацьбу з наркапагрозай можна лічыць паспяховай. Нарказалежных нельга ў якасці альтэрнатывы толькі запужваць адказнасцю, трэба паспрыяць стварэнню сучасных прафесійных рэабілітацыйных цэнтраў. Толькі тады жорсткія меры антынаркатычнага дэкрэту можна лічыць апраўданымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі