Апублікавана відэа, дзе людзі са шчытамі і ў форме гоняць мігрантаў у Літву
Людзі ў форме і са шчытамі пхаюць мігрантаў у бок Літвы / скрыншот відэа
Былы міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус апублікаваў відэа з літоўска-беларускай мяжы.
На кадрах бачная група людзей у форме і са шчытамі. Іх твары схаваныя пад маскамі. Адзін з іх — з сабакам. Перад шчытамі сядзяць людзі ў цывільным. Людзі ў форме стукаюць шчытамі і раз-пораз крычаць на грамадзянскіх: "Наперад! Наперад!" У іх за спінамі — беларускі памежны слуп.
"Гэты кароткі відэаролік, зняты літоўскімі памежнікамі, даказвае жорсткае і дзёрзкае абыходжанне з мігрантамі з боку ўладаў Беларусі", — напісаў Лінкявічус.
Ён таксама заўважыў, што мігрантаў "завабілі ў краіну ў якасці турыстаў, а цяпер гвалтоўна выцясняюць на тэрыторыю ЕС", а людзі — "занадта позна ўсведамляюць гэтую аферу".
This short video shot by #Lithuania’s border guards proves the brutal, audacious treatment of migrants by #Belarus officials. They have been lured into the country as tourists and are now forcefuly being pushed into #EU territory. They do realize that scam too late. pic.twitter.com/6nF1wq7l9P
— Linas Linkevicius (@LinkeviciusL) September 2, 2021
Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў на літоўска-беларускай мяжы. Летась іх было крыху больш за 80. З узрослым патокам мігрантаў на мяжы з Беларуссю сутыкнуліся таксама Латвія і Польшча. У ЕС лічаць, што гэты міграцыйны крызіс створаны штучна і да яго маюць адносіны беларускія ўлады.
Пасля ўзмацнення жорсткасці санкцый у дачыненні да Мінска Аляксандр Лукашэнка пачаў казаць, што Беларусь пераглядае сваё стаўленне да стрымлівання плыняў мігрантаў і кантрабанды. "Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне", — заявіў ён, у прыватнасці, у ліпені.
У нейкі момант прыбалтыйскія краіны і Польшча перасталі прымаць бежанцаў, сталі разварочваць іх назад у Беларусь. Тады Лукашэнка запатрабаваў ад сваіх сілавых структур не прымаць мігрантаў назад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.