Арлоў і Глобус прэзентавалі на "Кніжным кірмашы" новыя кнігі
На стэндзе незалежных беларускіх выдавецтваў плошчай усяго ў 2 квадратных метры ў першы ж дзень кніжнага форуму адбыліся 4 прэзентацыі запар.
З 9 па 13 лютага ў Мінску ў 18-ы раз праходзіць "Кніжны кірмаш". 8 недзяржаўных выдавецтваў аб'ядналіся на адным стэндзе, каб разам найлепш прэзентаваць наведнікам форуму сучасную літаратуру на беларускай мове. Пісьменнік Уладзімір Арлоў сёння быў адным з ганаровых гасцёў гэтай экспазіцыі:
Уладзімір Арлоў: "На стэндзе прыватных выдаўцоў можна пазнаёміцца з выданнямі выдавецтваў "Логвінаў", "Галіяфы", "Лімарыус", выдавецтва Зміцера Коласа, з кінгамі з бібліятэкі ЗБС "Бацькаўшчына", а таксама з выданнямі часопіса "ARCHE" і "Дзеяслоў".
Да пералічаных варта дадаць часопіс "pARTisan", што з'яўляецца восьмым складнікам стэнда незалежных беларускіх выдавецтваў на "Кніжным кірмашы". Першы дзень кірмаша на гэтым стэндзе быў днём прэзентацыяў: са сваімі новымі кніжкамі перад чытачамі з'явіліся Уладзімір Арлоў, Адам Глобус. А Зміцер Вішнёў і Альгерд Бахарэвіч, які прыляцеў на кірмаш з Гамбургу, вырашылі ў вылучануя для іх гадзіны нагадаць пра творы, выдадзеныя раней: Вішнёў — пра леташнюю кніжку "Замак, пабудаваны з крапівы", Бахарэвіч — "Халоднае сэрца", выдадзеную ў 2009 годзе, і "Праклятых гасцёў сталіцы", што пабачылі свет аж 3 гады таму.
Альгерд Бахарэвіч: “Але больш важная імпрэза адбудзецца заўтра! Я буду прэзентаваць у Інстытуце Гётэ свой пераклад раману нямецкай пісьменніцы Кэтрын Шмідт “Ты не памрэш”. Вось з такімі планамі і прыляцеў у Мінск”.
Уладзімір Арлоў прэзентаваў на "Кніжным кірмашы" новую складанку выбранай гістарычнай прозы "Ля дзікага поля":
"Гэта кніжка выбранай гістарычнай прозы. Што такое дзікае поле? Гэта тыя абшары, адкуль прыходзілі на нашую зямлю заваёўнікі, жорсткія і бязлітасныя. Полаўцы, печанегі, манголы... Потым дзікім полем стала агрэсіўная Масковія, якія дзейнічалі на нашых землях часам больш жорстка, чым манголы... Але дзікае поле прыходзіла да нас не толькі з усходу, але і з захаду. Апыналіся мы на ім і ў XX стагоддзі: у часы нацыстскай акупацыі, у часы сталінізму... Дзікае поле — гэта і поле нашай свядомасці, падсвядомасці. І так атрымалася, што апошнія падзеі ў Беларусі дадалі назве маёй кнігі новыя сэнсы".
Перад сёлетнім "Кніжным кірмашом" у грамадстве шырока абмяркоўвалася, ці будзе правільна ўдзельнічаць у ім, калі не апошнія ў сучаснай беларускай літаратуры і публіцыстыцы людзі — Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута і Павел Севярынец — знаходзяцца пад пераследам у звязку з падзеямі 19 снежня.
"Удзельнічаючы ў кніжным кірмашы, мы не дэманструем падтрымку рэжыму, — упэўнены Ўладзімір Арлоў. — Мы дэманструем падтрымку літаратуры і культуры Беларусі. Мы пагадзіліся ўдзельнічаць у кірмашы таксама і таму, што тут працуе стэнд прыватных беларускіх выдавецтваў".
Нават не гледзячы на тое, што ідэя байкоту не атрымала масавай падтрымкі, Змітру Вішнёву з выдавецтва "Галіяфы" сёлетні "Кніжны кірмаш" падаецца "небагатым":
"Як на маю думку, мала краінаў, і замала літаратуры на стэндах... Таму і выклікае вялікаю цікаўнасць наш незалежны стэнд".
Не ў апошнюю чаргу, Уладзімір Арлоў, як і іншыя беларускамоўныя пісьменнікі, вырашыў не байкатаваць сёлетні "Кніжні кірмаш", бо ён дае магчымасць выказаць свае меркаванні на апошнія падзеі, што адбыліся ў беларускім грамадстве, і іх наступствы.
"Мы сёння ізноў апынуліся ў дзікім полі", — лічыць пісьменнік. І з ім складана не пагадзіцца.
Фота: "Наша Ніва".