Atoms for Peace "AMOK"

130301_agljadacha.mp3

Муза Тома Ёрка — шчодрая на любоў. Тое, што аднаго "шлюбу" з Radiohead ёй будзе мала, стала зразумелым яшчэ ў 2006 годзе, калі ў Тома выйшаў першы сольнік "The Eraiser". Зараз "інтрыга" працягнулася. Музыкі, з якімі Ёрк граў альбом жыўцом, настолькі прызвычаіліся адзін да аднаго, што стала зразумела — гэта ўжо асобны гурт. Які варты асобнага альбому.

Увосень 2012-га Том Ёрк, басіст Red Hot Chili Peppers Флі (Flea), саўнд-прадзюсар Radiohead Найджэл Годрыч (Nigel Godrich), ды адразу два перкусіяністы: Джоўі Варонкер (Joey Waronker) і Маўра Рэфоска (Mauro Refosko) — зачыніліся ў студыі ў Лос-Анжэлесе і пачалі "вар'яцкі джэм".

"У нас не было ніякіх напрацовак да таго, як мы заселі ў студыі" — кажа Ёрк у інтэрв'ю Rolling Stone. — А пасля трох дзён з'явілася цэлая гара. Гэта было вар'яцтвам. Мы прыходзілі апоўдні і працавалі да 10 вечара. Мы гралі ўвесь час без перапынку".


Музычныя нетры, у якія занесла музыкаў падчас трохдзённага музіцыравання, далі жыццё, напэўна, новаму музычнаму стылю, таму што замест ужо існуючых шыльдаў кшталту IDM, ці digital rock, людзі пачалі выдумваць вельмі паэтычныя апісанні: "Порналаунж для меланхолікаў", "Танцы і космас адначасова", "Гераін больш не актуальны".

"Як толькі з'яўляецца назва для музыкі, для мяне гэта канец" — кажа Ёрк у нядаўнім інтэрв'ю Resident Advisor. Там жа ён прыгадвае, як шмат для яго значыла не проста капацца ў самім сабе ды аддаваць накапанае на рэдактуру Годрычу, а граць менавіта ў гурце, дзе, нараджаючы новае, адзін працягвае другога.

Але што б там Ёрк ні казаў пра гурт, у AMOK ягоны стыль і погляды на жыццё дамінуюць. Ён настаяў на абавязковым вакале ў гэтым праекце. А такі няблага пазнавальны і моцны інструмент цяжка схаваць за бас-гітарай ці перкусіяй, прапушчанымі хоць праз усе электронныя фільтры свету. Да таго ж, лірыка: "Паглядзі ў вакно. Што там? Ты сапраўды гэтага хочаш? Вельмі дрэнна, калі так", — гэтае падарожжа ў свет рэфлексій сучаснага чалавека немагчыма параўнаць ні з песнямі "гарачых перцаў", ні з музыкай, якую грае бразільскі перкусіяніст Рэфоска ў сваім бэндзе "Forro in the Dark". Там увогуле толькі пра рамантычную любоў. Тым не менш, супраца з гэтымі музыкамі дадала альбому аптымізму. Імклівы біт і гукавыя эфекты пілуюць мозг па чарзе на правае і на левае паўшар'е (дзякуй саўнд-генію Найджэлу Годрычу), адчыняюць дзверы ўспрыняцця і няблага так падымаюць тонус.

Жаданне Йорка і Годрыча наблізіць жывое гучанне інструментаў да машыннага, сінтэтычнага, зрабіла альбом яшчэ і электронна-танцавальным. Праўда, недзе гэта стала нагадваць зорак нямецкай электронікі Apparat, Modeselector (у трэках "Defolt" ці "Dropped"), ці Маціаса Агайо"Judge Jury Executioner"). Але з грунтоўнымі тэкстамі, касмічным імправізацыйным вакалам і ўсё ж жывымі, хоць і замаскіраванымі, інструментальнымі партыямі AMOK загучаў адрозным ад "усёй гэтай электроншчыны". Ставім альбому нашае моцнае "42".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі