Атрошчанкаў: Тое, што мы з калегамі на волі — дасягненне
Адзін з лідараў кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксандр Атрошчанкаў распавядае падрабязнасці судовага працэсу над ім, Анатолем Лябедзькам і Сяргеем Калякіным.
Еўрарадыё: Мы нават не ведаем, віншаваць вас ці спачуваць?
Аляксандр Атрошчанкаў: Канешне, я рады апынуцца на волі, але поўнага задавальнення няма, таму што прысуд быў усё ж абвінаваўчы. Да таго ж зараз мы знаходзімся у УУС на транспарце, якое нас затрымлівала. Яны фактычна скралі ў нас пашпарты. Нам іх не вяртаюць, а кажуць, што пашпарты адпраўленыя па месцы жыхарства, але ніякай даведкі на гэты конт не даюць.
Еўрарадыё: І які ваш план дзеянняў?
Аляксандр Атрошчанкаў: Акурат зараз мы вырашаем, што рабіць. Тэлефануем да розных начальнікаў, але фактычна атрымліваецца, што ўлады пазбаўляюць нас не толькі права ездзіць, але і права звацца грамадзянамі.
Еўрарадыё: Чаго вы чакалі ад суду?
Аляксандр Атрошчанкаў: Зразумела, як грамадзянін я ведаў, што мусіць быць апраўдаўчы вердыкт, гэта зразумела. Але з папраўкай на сённяшні час гэта было немагчыма, таму я лічу, што тое, што мы з калегамі зараз на волі – гэта канешне дасягненне. Дасягненне не толькі і не столькі наша, колькі калектыўнай салідарнасці, якая была праяўленая ў першую чаргу дзякуючы журналістам. Я ведаю, што гэтая гісторыя атрымала вельмі сур’ёзны рэзананс, таму хачу карыстаючыся выпадкам падзякаваць усім – і журналістам, і актывістам, і простым людзям – хто падтрымліваў мяне, маіх сваякоў, дапамагаў з распаўсюдам інфармацыі.
Еўрарадыё: А чаму на вашую думку так доўга цягнуўся суд?
Аляксандр Атрошчанкаў: Зразумела, што і затрыманне, і ўся пазнейшая эпапея звязаныя з нашым візітам у Брусель, які не адбыўся, з тымі інтэрв’ю, якія мы мусілі даваць у Маскве і Брусэлі. Зразумела, што ўладам такая сітуацыя - як костка ў горле, таму нас учора трымалі абсалютна без усялякіх падставаў цэлы дзень без суда. Практычна мы амаль двое сутак правялі ў чаканні суда.
Еўрарадыё: Што з вамі адбывалася ўвесь гэты час?
Аляксандр Атрошчанкаў: Спачатку мы знаходзіліся ва ўпраўленні ўнутраных справаў на транспарце ў Оршы, а потым амаль увесь час у ізалятары часовага ўтрымання. Амаль кожную хвіліну нас кармілі байкамі, што вось-вось вызваляць. Зразумела, што пытанне аб нашым затрыманні было вырашанае яшчэ да нашага выезда, у вагоне было шмат людзей у цывільным вельмі характэрнай знешнасці. Тое, што зараз зніклі нашыя пашпарты – гэта чарговая маленькая пакасць з боку ўлады, з боку роднай міліцыі.
Еўрарадыё: А як праходзіў суд? Ці былі нейкія сведкі, ці выслухоўвалі іх? Якія дакументы зачытвалі?
Аляксандр Атрошчанкаў: Было ўсяго тры сведкі, яны былі супрацоўнікамі міліцыі, Калякін, Лябедзька і я вельмі шмат разоў злавілі іх на хлусні. Яны чырванелі і запіналіся, нецэнзурна лаяліся ў залі суда, таму ўсім было відавочна, што справа сфабрыкаваная, але апраўдаўчы прысуд сёння ў краіне немагчымы, я думаю.
Еўрарадыё: Як з вамі паводзіліся міліцыянты, ці ўжывалі фізічную сілу, ці лаяліся?
Аляксандр Атрошчанкаў: Менавіта па абыходжанні асаблівых прэтэнзіяў няма. Зразумела, што калі незаконна затрыманы, то немагчыма адчуваць сябе нармальна, нават калі стаўленне больш-менш нармальнае. Канешне, атмасфера беззаконнасці, беспакаранасці прыгнятае.
***
Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава ў аўторак у Оршы знялі з цягніка "Мінск — Масква", калі яны збіраліся праз расійскую сталіцу ехаць у Брусель, і абвінавацілі ў "дробным хуліганстве". Кожны быў аштрафаваны на 350 тысяч рублёў.