Аўтобусы з беларускімі турыстамі выязджаюць у Крым кожныя пяць дзён

Для беларускіх турыстаў адпачынак у Крыме заўсёды быў адным з самых даступных і папулярных. Але мінулагодняе з’яўленне “зялёных чалавечкаў” ды анексія паўвострава Расіяй амаль выкрасліла гэты накірунак з вакацыйных планаў беларусаў. Сёлета ўкраінскія ўлады цалкам перакрылі доступ у Крым праз сваю мяжу, адпаведна, рух прамых цягнікоў з Беларусі спыніўся. Адзіная магчымасць дабрацца на адпачынак ў Крым — самалёт, ці аўтобус праз тэрыторыю Расіі. Але, калі пра гэта даведаюцца ўкраінцы, то згодна з Законам аб акупаваных тэрыторыях, хутчэй за ўсё, вам забароняць уезд ва Украіну на некалькі гадоў.

Ці шмат беларусаў купілася на інфармацыю пра спакой і стабільнасць на паўвостраве і паехала туды адпачываць

“Летась баяліся ўсе: і людзі і турфірмы, — каментуюць у агенцтве “Таўрыка тур”. — Але мы, як і ў мінулым годзе, адпраўлялі поўны аўтобус кожныя пяць дзён, так і ў гэтым адпраўляем. Але цяпер прадаём пуцёўкі не толькі мы. Сёлета з гэтым накірункам зноў працуе шмат агенцтваў. Таму ў выніку колькасць турыстаў усё ж вырасла. Людзі асмялелі, зразумелі, што ў гэтым няма нічога страшнага, і едуць адпачываць у Крым”.

Праўда, колькасць турыстаў, на думку прадстаўніка “Таўрыка тур”, проста немагчыма параўнаць з тым, што было яшчэ да вайны ва Украіне і да з’яўлення ў Крыме “ветлівых людзей”. Бо “людзі, якія раней дабіраліся на цягніках ці машынах самастойна (а такіх было больш за ўсё), у агенцтвы не пайшлі, відаць, вырашылі змяніць звычкі, і адпачываюць у іншых месцах”.

Больш дробныя турыстычныя агенцтвы таксама адпраўляюць аўтобус з турыстамі ў Крым кожныя 5 дзён, але не могуць пахваліцца высокім продажам пуцёвак.

“Вас падманулі наконт павелічэння колькасці турыстаў, бо плынь вельмі моцна знізілася, — адразае супрацоўніца “Кацярына тур”, якая адправіла першых турыстаў у Крым толькі 23 чэрвеня, у параўнанні са звычайным канцом траўня. — Калі летась грузілі дзве фірмы аўтобус, то сёлета ў адзін аўтобус грузіць людзей шэсць фірм. Я яшчэ ў тым годзе праз Расію ездзіла, таму магу вам дакладна сказаць, што ніхто не баіцца. На жнівень у мяне запісаліся тыя ж людзі, якіх я вазіла летась. Так што, ніхто не баіцца! Але вы ж паглядзіце, як заробкі ўпалі! Вы мяне прабачце, але якія цяпер сталі заробкі!?”

А вось на думку супрацоўнікаў “Кіпарына тур”, спыняе нашых турыстаў усё ж не малы заробак, а менавіта дарога. Маўляў, цяжка ехаць праз Расію, бо дарога туды займае два дні і не кожны згодны на такі подзвіг. Таму, нягледзячы на тое, што звычайна адпачынак у Крыме і на тэрыторыі Украіны карыстаецца неверагоднай папулярнасцю, сёлета гэты накірунак амаль прастойвае. Пагаджаюцца з калегамі і прадстаўнікі агенцтва “Меркун М.”.

“Кліенты, якія з намі ездзілі яшчэ да вайны, сёлета нам тэлефанавалі і цікавіліся, — кажуць у “Меркун М.”, якія пакуль не адправілі ніводнага турыста ў Крым. — Думаюць. Нехта ў выніку паедзе, нехта перадумае… Так што, папярэдняе браніраванне ў нас ёсць, але колькі з іх у выніку паедзе — невядома”.

У санаторыі “Белоруссия”, што знаходзіцца ў мястэчку Караіз недалёка ад Ялты, звычайна адпачываюць маці з дзецьмі, якія едуць па пуцёўках ад беларускіх прадпрыемстваў. На сёння, нягледзячы на разгар сезону, ён запоўнены толькі на адсоткаў 70. Але кіраўніца аддзелу браніравання санаторыя спадзяецца, што да жніўня сітуацыя выправіцца.

“Мы цяпер распрацоўваем шляхі заахвочвання нашых сацыяльных груп, прапануем ім чартарныя праграмы, розныя варыянты перавозкі, працуем з прадпрыемствамі, турфірмамі, таму спадзяемся, што запаўняльнасць будзе 100%. Але ўлічваючы, што паралельна мы пачалі актыўна супрацоўнічаць і проста з фізасобамі, звычайнымі турыстамі, то верагоднасць таго, што нехта перадумае і здыме бронь, існуе”.

Нагадаем, што атрымаць спецдазвол на наведванне Крыма праз тэрыторыю Украіны можна ў любым горадзе Украіны, дзе ёсць структуры Дзяржаўнай міграцыйнай службы. Але спіс прычын, па якіх гэты дазвол даюць замежнікам, вельмі абмежаваны: паездка да блізкіх сваякоў, на магілу да блізкага сваяка ці члена сям’і, з нагоды смерці блізкага сваяка, наяўнасць ўласнасці ў Крыме, дыпламатычныя і консульскія функцыі, і на гэтым ўсё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі