Азаранка падбіў танк, Алексіевіч прайшоў 7 франтоў, а Домрачаў узнавіў сувязь
Напярэдадні Дня перамогі ў Мінску з'явіліся плакаты са спартоўцамі і іх сваякамі, якія прайшлі Другую сусветную вайну. З іх мы даведваемся, што дзядуля Вікторыі Азаранкі дайшоў да Берліна, а дзядуля і бабуля Дар'і Домрачавай прайшлі праз вайну разам.
"Сваімі рашучымі дзеяннямі таварыш Азаранка дапамог паспяховаму адбіццю контратакі праціўніка і гэтым даў магчымасць камандаванню зрабіць перагрупоўку сілаў і нанесці ворагу знішчальны удар", — гэта сведчанні з вайсковых дакументаў Віктара Іванавіча Азаранкі.
Уладальнік Ордэна Айчыны другой ступені і дзядуля беларускай тэнісісткі падбіў танк гранатай 22 жніўня 1944 года. Паводле дакументаў, тады ён у групе з 25 чалавек адбіваў контратаку праціўніка.
Аляксандр Ефімавіч Алексіевіч, бацька нобелеўскай лаўрэаткі Святланы узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі. Ён абслугоўваў самалёты падчас баёў у раёне Кракава і на рацэ Одэр. Ваяваў з 1942 года і пабываў у баях на сямі франтах.
"У цяжкіх умовах вайсковага часу на палявых аэрадромах абслужыў 236 баявых вылетаў без адзінай адмовы матэрыяльнай часткі па яго віне".
Святлана Алексіевіч прыгадвае бацьку ў інтэрв'ю часопісу "Большой":
"Нядаўна памёр мой бацька, не дажыўшы некалькі месяцаў да свайго Дня нараджэння — 85 гадоў. Мы з імі шмат гаварылі пра вайну — на фронт ён пайшоў у 20 гадоў з другога курса ўніверсітэта і там уступіў у партыю пад Сталінградам".
Дзядуля футбаліста Ігара Стасевіча, Васіль Дзмітрыевіч узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі".
"Ён вызваляў Мінск, Маскву, Варшаву. А пасля вайны ён служыў на Далёкім Усходзе, быў у пяхоце. Ён жыў у вёсцы і на 9 траўня яго заўжды прыходзілі віншаваць школьнікі", — распавядае пра дзеда Ігар Стасевіч.
Капітан Філіп Іванавіч Домрачаў, дзядуля біятланісткі Дар'і, падчас баёў на Вісле рызыкуючы жыццём, узнавіў сувязь з другім берагам.
"Таварыш Домрачаў з групай байцоў і сяржантаў сумленна і самааддана выканаў свой доўг, нягледзячы на пастаянную небяспеку для ўласнага жыцця", — апісваюць яго службу ў вайсковых дакументах.
"Пра вайну больш бабуля распавядала. Дзядуля быў у партызанскім батальёне", — расказвае пра свайго дзеда Мікалая Ільіча беларускі асілак Кірыл Шымко. — Ён быў падрыўніком-разведчыкам".
Пра вайну, па словах Кірыла, дзядуля распавядаў зрэдку.
Гісторыі сваякоў-удзельнікаў вайны Лявона Вольскага, Аляксандра Ціхановіча, Мікалая Лазавіка, Мікалая Пінігіна чытайце тут:
Бацька Пінігіных тройчы заходзіў у фашысцкі тыл, а Ціхановіча гарэў у танку
Як ваявалі на Другой сусветнай вайне сваякі беларускіх знакамітасцяў і за якія подзвігі атрымалі ўзнагароды (фота дакументаў).