Бацькі вучняў будуць патруляваць тэрыторыі школ і гімназій у Мінску?
Бацькам вучняў сталічных гімназій і школ на бацькоўскіх сходах паведамляюць “прыемную” навіну. На вакацыях, з 2- га студзеня ім трэба патруляваць тэрыторыі школы.
Настаўнікі і адміністрацыя школы просіць скласці графік дзяжурства: два чалавекі на дзень. Трэба прыходзіць, адзначацца ў школе і несці вахту з 7:00 да 19:00. Невядома толькі, ці трэба браць сабаку і што рабіць з парушальнікамі.
“Гэта для таго, каб дзеці не рабілі правапарушэнняў на тэрыторыі школы. Складаюцца графікі дзяжурства бацькоўскага патруля. Гэта на добраахвотнай аснове. Гэта як валанцёрскі рух. Калі патруль бачыць правапарушэнне — выклікае міліцыю”, — кажуць пра патруль у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска. Па словах чыноўнікаў, такая практыка існуе ўжо з год.
Далей пайшлі ў 129 сталічнай школе: бацькоўскі патруль правярае нядобранадзейныя сем’і, вывучае бытавыя ўмовы ў сям’і, паводзіны бацькоў. Такіх абавязкаў на сайце школы цэлы спіс.
“Бацькоўскім патрулём выяўляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў сярод падлеткаў і навучэнцаў.
Бацькоўскі патруль правярае працу дваровых пляцовак, стан парадку на іх.
Бацькоўскi патруль вядзе патруляванне ў мікрараёне школы ў адпаведнасці з маршрутам.
Бацькоўскі патруль выяўляе падлеткаў, схільных да правапарушэнняў і бадзяжніцтва.
Бацькоўскі патруль выяўляе бацькоў, якія сваімі паводзінамі адмоўна ўплываюць на дзяцей, уносіць прапанову аб прыняцці мер”.
У некаторых мінскіх школах бацькоўскі патруль існуе толькі намінальна.
Але ніякім нарматыўным дакументам стварэнне такіх “добраахвотных” патрулёў з бацькоў вучняў не рэгулюецца. Пра гэта даведваемся ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. Усё вырашаюць… самі бацькі!
“Такога загаду няма. Гэта вырашаюць самі бацькоўскія камітэты ў школах. Нарматыўнага акта такога няма”, — кажць у камітэце.
А калі няма дакумента, то і ад удзелу ў патрулі можна адмовіцца.