Баранавіцкія прадпрымальнікі правялі стыхійны мітынг (фота)
Некалькі дзясяткаў баранавіцкіх прадпрымальнікаў прыйшлі пад гарвыканкам, каб выказаць свае прэтэнзіі. Іпэшнікі хацелі пачуць адказ на свой ранейшы зварот: што робяць чыноўнікі, каб вырашыць праблему гандляроў, якім стала немагчыма працаваць, перадае Радыё Свабода.
Гандляры сабраліся на кааператыўным рынку і пайшлі да гарвыканкама на чале з актывістам прадпрымальніцкага руху Міколам Чарнавусам. Да іх выйшаў начальнік упраўлення эканомікі гарвыканкама Дзяніс Гарноўскі, які прынёс пісьмовы адказ на зварот прадпрымальнікаў.
Адметна, што чыноўнік прызначаў сустрэчу аднаму толькі Чарнавусу і запрашаў яго ў гарвыканкам, але ж прыйшоў цэлы натоўп гандляроў. Гарноўскі распавядаў прадпрымальнікам, што ім трэба браць крэдыты і развіваць бізнэс. Прадпрымальнікі пасля гэтай сустрэчы вырашылі звяртацца да кіраўніка краіны з просьбай адмяніць указ №222.
25 студзеня баранавіцкія іпэшнікі маюць сабрацца каля гарвыканкама і падпісаць калектыўную заяву на імя Аляксандра Лукашэнкі, а таксама вырашыць, як ім дзейнічаць далей.
На сёння большасьць баранавіцкіх ІП вымушана не працуюць, нават у тых, хто мае сертыфікаты, абарот невялікі, бо пакупнікі перасталі хадзіць на рынак.
1 студзеня 2016 года набыў моц указ № 222. Ён патрабуе, каб гандляры рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі. Расійскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі або прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.
Днямі Аляксандар Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю вакол дробных гандляроў і заявіў, што “з 1 студзеня скончыліся іх мядовыя гады і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакументах”.