Як у Мінску ўначы нелегальна прадаюць алкаголь (відэа)

Пачынаем “паляванне” каля шапіка беларускага фаст-фуду на праспекце Незалежнасці. Калісьці тут выстройваліся чэргі пасля закрыцця крамаў, і яны не знікалі аж да самай раніцы. Тут жа заўсёды можна было “ціхенька” набыць піва і падчас мінулых абмежаванняў на продаж алкаголю. Гэтым разам прадавачка кажа безапеляцыйна: “Толькі ў бары! Бліжэйшы — вунь там за вуглом!”.

Таксіст з Плошчы перамогі: “Я хацеў зарабіць на шаурму і зарабіў, цяпер паеду дамоў”.

Натуральна, у бары нам рабіць няма чаго, таму падыходзім да самага блізкага таксі. Таксісты заўсёды ўсё ведаюць пра “ценявое жыццё гораду”.

— Падкажыце, дзе тут можна якога-небудзь алкаголю набыць!"

— Ля “Белай вежы” пацаны прадаюць з рук. 150 тысяч там каштуе.

— Блін, а бліжэй ніяк?

— Ну можна і тут знайсці, зараз аформім, давайце 150 рублёў!

Але прадаваць мужчына не спяшаецца, ён выходзіць з аўтамабіля і запальвае. Пакуль дыміцца цыгарэта, распавядае гісторыю пра дзяўчыну, якая днямі гучна і настойліва прапаноўвала яму сэкс у абмен на гарэлку. Побач нібыта праходзіў міліцэйскі патруль, які параіў дзяўчыне супакоіцца і забраў з сабой. Але праз гадзіну тая, як сцвярджае таксіст, вярнулася да яго і набыла гарэлку за 200 тысяч.

“Ты заплечнік адкрыў? — раптоўна перарываецца кіроўца, кідае цыгарэту і ў імгненне дастае бутэльку з машыны. — Нармальная гарэлка, нармальныя таксісты “паленую” не возяць. Аднойчы купіў за 50 тысяч тую, што звычайна 70 каштуе. На раніцу ўстаў … у мяне такі стан …, а срака пры гэтым не баліць(смяецца)! Так што я ўжо апёкся адзін раз. Лепш набыць даражэйшай. Я на ёй 60 тысяч зарабляю. Хацеў сёння  зарабіць на шаурму і зарабіў на шаурму. Так што паеду цяпер дамоў, усё роўна працы няма”.

На развітанне таксіст параіў быць асцярожнымі, бо ў дварах часта праходзяць міліцыянты.

Бутлегер з Верхняга горада: “Ёсць з блакітнай, а ёсць з чырвонай накрыўкай! Бярыце любую, смачна есці!”

Далей едзем у самы цэнтр. Побач знаходзіцца нямала касавых бараў, і там заўсёды дзяжураць таксоўцы. Падыходзім да групы людзей, якія стаяць, абапіраючыся на машыну з шашачкамі. На дзіва, сярод іх ёсць і супрацоўнікі бара.

— Мужыкі, скажыце, дзе можна бухла набыць?

— Гарэлка.

— Піва няма?

— За півам трэба ехаць на “Прэстан”!

— Дык не прадаюць жа нідзе!?

— Мы ўсё вырашаем! Там пацаны стаяць. Учора вазіў людзей, яны прадавалі літровыя бутэлькі па 50 тысяч.

— А давайце гарэлку!

— Ёсць з блакітнай, а ёсць з чырвонай наркыўкай! Бярыце любую, смачна есці!

У багажніку машыны сапраўды стаіць скрыня гарэлкі. Даём 150 тысяч, бяром бутэльку, хаваем у заплечнік і сыходзім. Здзіўляе тое, што адбываецца гэта ўсё акурат насупраць уваходу ў знакаміты бар. Мяркуючы па ўсім, пытанні пра алкаголь тут настолькі звычайная справа, што бутлегер нават і не думае хавацца ці асцярожнічаць. На ўсю працэдуру нам спатрэбілася не больш за 2 хвіліны — хутчэй, чым у супермаркеце, але і нацэнка амаль у 2 разы.

Бутлегер-раварыст: “Калі б мы не стаялі каля гэтага начніка, то фіг бы хто сюды ездзіў”.

Да дзвюх бутэлек гарэлкі вырашаем набыць піва. Едзем да ўжо двойчы згаданага таксістамі начніка. Ля ўвахода тусуецца група маладых людзей з роварамі. Пакуль вырашаем, ці могуць гэтыя хлопцы прадаваць алкаголь, да нас звяртаецца пара нападпітку з просьбай прадаць гарэлкі. Мы кажам, што самі шукаем, і ў гэты момант за плячамі раздаецца: “Алкаголь трэба?”

— Піва ёсць?

— Так! Літр — 50 тысяч. Колькі трэба?

— Дзве літрухі. Рэшта з 200 тысяч будзе?

— Канешне!

— Калі грошы?

— Потым, па факце.

Напарнік бутлегера сядае на ровар і з’язджае выконваць замову. Паралельна падвыпіўшая парачка дамаўляецца з іншым хлопцам, скідаючы кошт на гарэлку са 130 тысяч да 115. Маўляў, мы ж у вас пастаянныя кліенты! Хлопец пагаджаецца, калі дадуць без рэшты. Пытаемся, чаму ў іх гарэлка 130, калі ва ўсіх па 150 тысяч.

“А ў нас тут быў спад продажу, дык мы вырашылі крыху скінуць!” — здзіўляе рыначным падыходам бутлегер.

— Напэўна, страты неверагодныя ў начніка пасля ўвядзення гэтага закону!? — спрабуем выйсці з ім на шчырую размову.

— Калі б мы тут не стаялі, фіг бы хто сюды ездзіў уночы за прадуктамі. Так што мы ім дапамагаем трымацца на плыву. Ну рэальна, навошта начнік, калі ў ім не прадаюць бухло!? Адзінкі людзей, якія ноччу такія: “пайду-ка я па каўбасу схаджу”.

— Ну, калі дома ёсць што выпіць, то па закуску можна з’ездзіць.

— Якая верагоднасць таго, што дома ёсць што выпіць, але паесці няма чаго? Мізерная!

Плынь ахвочых набыць алкаголь не змяншаецца. Сюды няспынна едуць таксоўкі з усяго горада. Хлопец перакідваецца з намі словамі, не адрываючыся ад працэсу прымання замоваў. Яшчэ хвілін 5 — і раварыст з’яўляецца на гарызонце. З пакета піва хутка перакідваецца ў наш заплечнік, і бутлегер ідзе прымаць замову ў гасцей сталіцы, якія не валодаюць ні расейскай, ні беларускай мовай.

Сядзім у машыне, абмяркоўваем нечакана лёгкае набыццё алкаголю ў забаронены час і збіраемся па дамах. Толькі заводзім рухавік, як раптоўна з неадкуль з’яўляецца машына ДАІ. Просяць дакументы, а ўбачыўшы багаты алкагольны ўлоў, просяць кіроўцу “падзьмуць у трубачку”. Здзіўленыя адмоўным вынікам, міліцыянты жадаюць добрай дарогі і нясуцца за іншым легкавіком.

Ужо дома мы адзначылі ўдалае “паляванне” некалькімі глыткамі піва. А раніцай, па незразумелых прычынах, адчуваем сябе так жа, як таксіст з першай гісторыі… Гарэлку вырашылі проста выліць.

Галоўнае фота: кадр з фільма Вялікі Гэтсбі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі