Беларусь амаль у два разы палепшыла рэйтынг па колькасці зняволеных

Дакумент пад назвай “Агульныя звесткі аб дзейнасці Рэспублікі Беларусь у сферы выканання пакаранняў і ўтрымання пад вартай” публікуе Security blog. Гэта самы поўны і падрабязны “зліў” інфармацыі аб сітуацыі ў беларускіх турмах і калоніях за апошнія гады — ад дакладнай колькасці арыштантаў да найбольш “папулярных” у іх хваробаў.

У прыватнасці, у турмах і калоніях бракуе ўрачоў — занятыя толькі 86% месцаў. А вось хварэюць зняволеныя ў асноўным на псіхічныя разлады і туберкулёз. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка з арганізацыі “Платформа” гаворыць, што гэта даўняя праблема — аб псіхалагічным стане зэкаў мала хто думае.

“Гэта асноўная праблема ўсіх пенітэнцыярных установаў: яны не падрыхтаваныя да псіхалагічнай рэабілітацыі людзей. А ты ўмовы, у якія трапляюць зняволеныя, — яны, вядома, далёкія ад нармальных”.

Цікава, што пры гэтым жыхары турмаў і калоній, згодна з апублікаваным дакументам, хварэюць удвая радзей за беларусаў, якія жывуць на свабодзе.

У пераліку на 100 тысяч насельніцтва ў нашай краіне атрымліваецца 394 зняволеныя (агулам 37270 чалавек). Еўрарадыё параўнала гэтую лічбу з дадзенымі Міжнароднага цэнтра турэмных даследаванняў. У 2012 годзе было 438 зняволеных на 199 тысяч, тады Беларусь займала 11-е месца ў свеце (бясспрэчны лідар тут ЗША — 730 чалавек, Расія і Украіна адносна побач з намі, па 486 і 338 адпаведна). Калі новыя лічбы праўдзівыя, то мы з 11-га месца па колькасці зняволеных краіна апусцілася прыкладна на 17-е. Праваабаронца Бандарэнка гаворыць, што колькасць зняволеных у Беларусі пачала зніжацца акурат у мінулым годзе і гэта спланаваная дзяржавай акцыя.

“У першую чаргу гэта амністыя і праца Дэпартамента выканання пакаранняў па разгрузцы калоній і турмаў. Робіцца гэта праз амністыю, а таксама праз умоўна-датэрміновыя вызваленні. І яшчэ трэці фактар — агульнае змяншэнне колькасці людзей, асуджаных да пазбаўлення волі”.

У 2012 годзе у беларускіх турмах і калоніях памерла 97 чалавек, з іх 7 пайшлі з жыцця па ўласнай волі. Гэтыя лічбы адпавядаюць статыстыцы за апошнія пяць гадоў.

На пяць зняволеных прыходзіцца адзін турэмшчык — іх у Беларусі крыху менш за 8 тысяч чалавек, прычым на чвэрць гэта цывільныя супрацоўнікі, а не міліцыянты. Відавочна, гэта спрыяе парадку ў турмах — за апошнія дзесяць гадоў загінуў толькі адзін турэмшчык, гэта адбылося ў 2003 годзе. Пажыццёва ў беларускіх турмах утрымліваецца 145 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі