Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненне пра шэнгенскія візы за 35 еўра

Беларусь і Еўрасаюз падпісалі пагадненне пра шэнгенскія візы за 35 еўра

8 студзеня Беларусь і ЕС падпісалі пагадненні пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію. Цырымонія прайшла ў Бруселі. З беларускага боку дакументы падпісаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, з боку Еўрасаюза — намеснік прэм'ера і міністр унутраных спраў Харватыі Давор Бажынавіч (Харватыя старшынствуе ў ЕС), а таксама еўракамісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.

Цяпер пагадненні мусяць быць ратыфікаваныя парламентамі Беларусі і ЕС. Яны пачнуць дзейнічаць першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Тады шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі будуць каштаваць 35 еўра (цяпер — 60). Праўда, 2 лютага набудзе моц новы візавы кодэкс Еўрасаюза і шэнгенскія візы для краін, з якімі у ЕС няма адпаведнай дамовы, падаражэюць да 80 еўра. І беларусам нейкі час давядзецца плаціць такі кошт. Аднак сёлета яны дакладна будуць каштаваць для беларусаў 35 еўра. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў чэрвені 2020 года.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, рашэнне аб выдачы візы мусіць быць прынята на працягу дзесяці дзён. Дадатковая праверка не павінна перавысіць 30 дзён.

Што да пагаднення аб рэадмісіі, то гэта дамова Беларусі і ЕС аб зваротным прыёме на сваю тэрыторыю не толькі сваіх грамадзян, але і грамадзян трэціх краін, асоб без грамадзянства. Што да "грамадзян трэціх краін", то наша краіна атрымала пераходны перыяд, які працягнецца два гады. Брусель абяцае Беларусі ў гэтай галіне і фінансавую, і тэхнічную дапамогу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі