Беларусь і Расія не дамовіліся наконт транзіту нафты
Беларусь і Расія не змаглі дамовіцца наконт тарыфаў на транзіт расійскай нафты і нафтапрадуктаў праз нашу тэрыторыю. Перамовы вядуцца паміж антыманапольнымі ведамствамі дзвюх дзяржаваў, перадае БЕЛТА са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).
Паведамляецца, што беларускі бок прапанаваў павысіць тарыфы на 2020 год згодна з дзеючай методыкай, зацверджанай двума рэгулятарамі, а таксама дамоўленасцямі, дасягнутымі ў жніўні 2019 года. Па словах беларускага чыноўніка, у жніўні бакі дамовіліся паглядзець фактычныя аб'ёмы транспартавання за 2019 год і выручку, недаатрыманай ААТ "Гомельтранснафта Дружба" ў сувязі з пастаўкамі бруднай нафты з боку Расіі. Гэтыя лічбы планавалася ўлічыць у дамове на 2020 год. "Таму было прапанавана павысіць тарыф на інфляцыйны складнік (як гэта прадугледжана методыкай), а таксама на недаатрыманы аб'ём выручкі, каб кампенсаваць яго ў цяперашнім годзе", — кажа прадстаўнік МАРГ.
Аднак у расіян узніклі пытанні па разліках, праведзеных супрацоўнікамі "Гомельтранснафта Дружба". "Таму мы дамовіліся ў бліжэйшы час працягнуць сустрэчы на ўзроўні спецыялістаў, дзе будуць удакладняцца гэтыя разлікі", — патлумачыў чыноўнік.
Згодна з дзеючай методыкай, пытанне пра тарыфы на транзіт расійскай нафты і нафтапрадуктаў павінна быць вырашанае не пазней за 15 студзеня. Калі зрабіць гэта не атрымаецца — да 1 лютага. Як інфармуе ТАСС, у Маскве спадзяюцца, што канчатковае рашэнне будзе прынята ўсё ж у студзені.
Як паведамляла Еўрарадыё, 10 студзеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў экалагічны падатак на транзіт нафты праз беларускую тэрыторыю — 50% выручкі. Акрамя таго, з'явіліся неафіцыйныя звесткі, што Беларусь гатовая прыпыніць транзіт расійскай нафты па сваёй тэрыторыі.
Беларусь і Расія дагэтуль не дамовіліся наконт паставак нафты ў нашу краіну на 2020 год. Пакуль што беларускія заводы працуюць на нафце, якую пастаўляюць кампаніі Міхаіла Гуцарыева. Аднак гэтай нафты хапае беларускім НПЗ толькі на палавінную загрузку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.