Беларусам прапануюць здаць у арэнду старонкі ў Facebook. Гэта “вольгінцы”?
У стужках беларускіх карыстальнікаў “Фэйсбука” пачала з’яўляцца рэклама лёгкага заробку ў інтэрнэце. Усё, што для гэтага трэба — здаць у арэнду свой акаўнт у сацсетцы. Нават логін і пароль не патрэбныя! За 20-хвілінны сеанс абяцаюць 6-7 рублёў, але ў перспектыве аўтары рэкламнай абвесткі абяцаюць заробак у $25 за месяц.
Кампанія, якая размясціла абвестку, тлумачыць Еўрарадыё, што для стварэння платных рэкламных кампаній у “Фэйсбуку” ў кожнага актыўнага карыстальніка існуе віртуальны кабінет. Вось ён, а не сам акаўнт, і патрэбны “рэкламшчыкам”. Атрымаўшы доступ да чужога акаўнта, яны нібыта проста ўкладваюць грошы і размяшчаюць банеры. І ўсё.
Доступ да акаўнта забяспечваецца праз TeamViewer — гэта адмысловая праграма, якая дазваляе праз сеціва кіраваць іншым камп’ютарам. Чым гэта можа пагражаць карыстальніку, які вырашыць крыху падзарабіць і аддаць свой акаўнт у “арэнду”, тлумачыць Андрэй Сушко, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta:
“Калі вы даяце людзям доступ да свайго камп’ютара, тым больш без усялякіх дамоваў ды абмежаванняў, у небяспечную сітуацыю трапляеце не толькі вы, але і людзі, з якімі вы падтрымліваеце кантакты. Ніхто не ведае, што могуць зрабіць з вашым камп’ютарам ці акаўнтам”.
Спецыялісты мяркуюць, што вялікая колькасць акаўнтаў патрэбная “рэкламістам” каб запускаць рэкламныя кампаніі адразу з некалькіх крыніц. Гэта можа, напрыклад, дапамагчы даўжэй праводзіць кампанію з парушэннямі, бо адсачыць і забаніць некалькі акаўнтаў цяжэй, чым адзін.
Беларусы, дарэчы, не вельмі ахвотна адгукаюцца на прапанову. У каментарыях пішуць, што арэндай акаўнтаў у “Фэйсбуку” займаюцца так званыя “вольгінцы”, а рэкламныя кампаніі патрэбныя для вядзення інфармацыйнай вайны. Ёсць і водгукі ад тых, хто гатовы рызыкнуць, і нават ад тых, хто ўжо быццам бы зарабіў грошы. Пытанне ў тым, ці не фэйкавыя яны.
Дарэчы, падобная рэклама нядаўна з’явілася і ва ўкраінскім сегменце “Фэйсбука”. Тады СБУ выступіла з афіцыйнай заявай і пацвердзіла, што “арэнда” акаўнтаў можа быць звязаная з інфармацыйнай вайной.
“Тыдні два таму СБУ выпусціла афіцыйны прэс-рэліз, што “вольгінскія тролі”, звязаныя з расійскімі спецструктурамі, спрабавалі набываць акаўнты гэтак жа, нібыта праз арэнду акаўнтаў. Таму спецслужба папярэджвала, што такія дзеянні могуць весці да падрыву нацыянальнай бяспекі. Я размаўляў са сваімі калегамі ў сферы кібербяспекі з Украіны. Яны кажуць што так, пакуль што прамой сувязі з “крэмлеботамі” няма, але гэта можа змяніцца ў любы момант”, — кажа Андрэй Сушко.
Заўсёды варта памятаць пра правілы паводзін у інтэрнэце. Ніколі не перадавайце логін ды пароль ад вашага асабістага акаўнта, нават калі нехта прадстаўляецца адміністратарам сэрвісу ці сацсеткі. Памятайце, у сапраўдных адміністратараў ёсць доступ да ўсіх функцый праграмы ці сайта, ім не патрэбныя вашы паролі.
Вельмі асцярожна трэба ставіцца да падазроных спасылак, прыкладзеных файлаў у паведамленнях ці раптоўнай просьбы перавесці грошы на картку. Калі вы падазраяце, што старонка чалавека можа быць узламаная — звяжыцеся з ім па іншых каналах і папярэдзьце пра сітуацыю.
Калі ж вы бачыце падазроныя запісы, акаўнты, суполкі ці рэкламу, не лянуйцеся скардзіцца на іх. Так вы зробіце інтэрнэт больш чыстым і бяспечным. Памятайце, у сусветнае сеціва заходзяць і дзеці, якіх лёгка падмануць, і людзі сталага веку, і проста даверлівыя грамадзяне. Памятайце, ахвярай махлярства можа стаць кожны!
Падчас працы над гэтым тэкстам рэкламная абвестка з прапановай здаць у арэнду акаўнт у Facebook пачала з’яўляцца ў стужках журналістаў Еўрарадыё.