“Беларускую паэзію разабралі адразу”: як прайшоў “Кніжны Арсенал” у Кіеве
“Беларуская мова — абсалютна не праблема. Шмат наведвальнікаў бяруць беларускую кнігу ў рукі ўпершыню, і бачна, што ім цікава паглыбіцца ў нашу культуру”, — расказвае Еўрарадыё выдавец Андрэй Янушкевіч, які прывёз свае кнігі на “Кніжны Арсенал” у Кіеў.
“Кніжны Арсенал” — гэта цэнтральная міжнародная кніжная падзея ва Украіне. Удзельнікі і аматары літаратуры чакалі яго два гады. Праз каранавірус мерапрыемства ўжо адмянялі, і была небяспека, што адменяць зноў. Тым не менш выстава адбылася, i пяць дзён, з 23 да 27 чэрвеня, на ёй працаваў стэнд “Кнігі з Беларусі”.
У час размовы з Еўрарадыё дырэктар выдавецтва “Янушкевіч” расказвае пра тое, як прайшла выстава, навошта прымаюць у ёй удзел беларусы і як яе госці рэагуюць на нашы кнігі.
Еўрарадыё: Нядаўна ў Львове прэзентавалі кнігу Алеся Плоткі “Лотас на асфальце”. Аўтар распавёў, як на мяжы беларускія мытнікі ўважліва чыталі яе прадмову, каб не правёз таго, чаго не трэба. Колькі кніг у Кіеў прывезлі вы і ці былі нейкія пытанні пры выездзе з Беларусі?
Андрэй Янушкевіч: Няшмат, недзе 150-200. Па-першае, мы ехалі на звычайнай машыне. Па-другое — баяліся, што вялікая партыя выклікала б падазрэнне ў памежнікаў. Даехалі, але без прыгод не абышлося.
Мы захацелі задэклараваць кнігі, каб усё было па законе. Беларускія мытнікі не разумелі, што з намі рабіць, як дэклараваць. Дэманстрацыйна-выставачныя мэты спачатку пераканалі, потым раптам ад нас сталі патрабаваць афармленне экспарту.
Урэшце, пасля канструктыўных перамоў з кіраўніцтвам змены, дамовіліся на правоз "хатняй бібліятэкі". Усе кнігі прагледзелі, перапісалі. Пытанняў да зместу, на шчасце, не было, але прастаялі на мяжы тры з паловай гадзіны, і гэта — пры нулявой чарзе. На ўкраінскай мяжы стаялі дзесяць хвілінаў. Даведаўшыся, куды мы едзем, украінцы прапусцілі і пажадалі шчаслівай дарогі.
Еўрарадыё: Як праходзілі дні выставы?
Андрэй Янушкевіч: Цудоўна. Знайшлі новыя цікавыя ўкраінскія кнігі, якія хочам перакласці на беларускую мову. Пакуль не буду раскрываць таямніцу, пра што гаворка, хай будзе сюрпрыз. Таксама прыглядзеліся да цікавых перакладаў на ўкраінскую, якія б варта мець і нам.
На мерапрыемствах выставы Беларусь займала вельмі ганаровае месца. Было некалькі вялікіх імпрэз на цэнтральных пляцоўках, дзе выступалі нашы пісьменнікі: Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Уладзь Лянкевіч, Таццяна Нядбай і шмат іншых.
Атрымаўся такі вельмі моцны прадстаўнічы дэсант новага пакалення беларускай літаратуры. Прыемна ўразіла колькасць гледачоў на нашых выступах. Украінцы шчыра цікавяцца падзеямі ў Беларусі і тым, што пра гэта думаюць літаратары.
Еўрарадыё: Ці набывалі наведвальнікі “Кніжнага Арсенала” беларускія кнігі?
Андрэй Янушкевіч: Яшчэ як! Дарэчы, можна адзначыць унікальную сітуацыю: першае, што цікавіць украінцаў, — гэта беларуская паэзія. Беларускую паэзію разабралі адразу.
Прозай таксама цікавяцца. Бачу, што застаецца актуальнай тэма Другой сусветнай вайны. Цікавіліся, ці няма ў нас рамана пра партызан. У нас — не. Некалькі разоў падыходзілі і пыталіся, ці не прывезлі мы “Сабак Еўропы” Альгерда Бахарэвіча.
На жаль, у красавіку раман забралі на экспертызу. Ужо прайшлі ўсе магчымыя тэрміны праверкі, але кнігі трымаюць пад замком. У чым справа, не тлумачаць. Спрабуем разабрацца.
Што тычыцца нашых перакладаў, на выставе было шмат калекцыянераў, якія збіраюць кнігі на розных мовах, у тым ліку па-беларуску. Нашы выданні папулярных твораў “Гары Потэр” і ”Вядзьмар” выклікалі ўвагу. Таксама я заўважыў, што, калі наведвальнікі бачылі ў нас пераклады, якія не выходзілі па-ўкраінску, цікавасць да такіх кніг адразу ўзрастала.
Еўрарадыё: Як натхняе ўдзел у такіх вялікіх выставах і якія ў вас планы?
Андрэй Янушкевіч: Украінскі чытач вельмі патрабавальны. Ён сочыць за навінкамі літаратуры, шукае прыгожыя выданні. На гэта трэба арыентавацца і працаваць далей.
Спадзяюся, што ўжо хутка мы зможам выдаць кнігу эсэ Максіма Жбанкова. Нас чакае ёмісты аналіз культурнай сітуацыі ў Беларусі за апошнія гады. Думаю, што кніга стане падзеяй, бо ніхто не піша на гэтую тэму так эмацыйна, правакацыйна і дакладна, як Максім.
Канешне, ёсць і іншыя планы. Пасля лета пачнём выдаваць кнігі, якія абяцалі раней: новы “Гары Потэр” Джаан Роўлінг, “Восень Патрыярха” Гарсія Маркеса ды іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.