“Памежнік сеў і прачытаў усю прадмову”: Алесь Плотка прэзентуе дзве новыя кнігі

“Памежнік сеў і прачытаў усю прадмову”: Алесь Плотка прэзентуе дзве новыя кнігі

Беларускі музыка і літаратар Алесь Плотка прэзентуе дзве новыя кнігі: уласныя вершы “Лотас на асфальце” і пераклады вершаў украінца Юрко Іздрыка “Папяросы”. “Лотас...” выдадзены ва Украіне, а “Папяросы” — у Беларусі. Гэта адбудзецца 22 чэрвеня ў Львове — у час “Свята музики”, якое віруе там апошнімі днямі.

У невялічкім інтэрв’ю паэт расказвае Еўрарадыё пра змест кніг, пра ашчушчэнія ад эміграцыі і няёмкасць ад творчасці.

Пра што кнігі?

— “Лотас на асфальце” — рэтраспектыва апошніх пяці гадоў майго жыцця. Кніга не канцэптуальная. Проста маё жыццё ў вершах, каляндар апошніх пяці гадоў. Вандроўка па Беларусі і Чэхіі. Кніга пра жыццё, пра пошук, пра думкі; пра сябе, пра людзей, пра краіну, — расказвае Еўрарадыё Плотка.

Юрко Іздрык — мой улюбёны паэт: ён якраз з Заходняй Украіны, яго тут добра ведаюць. Кніга невялічкая, зробленая як пачак папяросаў. На вокладцы закасплэілі сапраўдны дызайн беларускіх папіросаў, толькі крышачку менш зялёнага.

Абедзве кнігі планаваліся даўно, але выйшлі ў час, калі нам усім не зусім да культуры было. У Беларусі прэзентаваць не атрымлівалася праз каранцін. Таму прэзентую кнігі ва Украіне.

Чым Беларусь цяпер падобная да Украіны

— У нас цяпер такі пад’ём, які нагадвае часы першага “Майдану” ва Украіне: людзі пачалі цікавіцца сваёй культурай, што ў нас ёсць свае пісьменнікі і паэты. Творчаму чалавеку гэта ў кожным разе прыемна. Непрыемная нагода, з якой так адбываецца. Дый творчасцю цяпер займацца неяк няёмка. Але ўсё гэта значыць, што мы ўсё робім правільна.

З’язджаць ці заставацца і як гуртавацца

— Я з’ехаў з Беларусі два-тры гады таму. Цяпер багата людзей, якія вымушаныя з’ехаць, і гэта не было іх уласным выбарам. Я сябе адчуваю троху лепш, чым шмат хто, напэўна. З іншага боку, не магу не перажываць, як і ўсе людзі, якім не пофігу, якія нешта робяць за мяжой.

Гэта балючая тэма, я бачу па фэйсбуку: з’язджаць ці заставацца, стасункі паміж беларусамі ўнутры краіны і за межамі Беларусі. Ёсць людзі ўнутры Беларусі, якім абсалютна пофігу — а ёсць людзі за мяжой, якія робяць шмат. Адзіны меседж — будаваць масты, не асуджаць адно аднаго. У людзей ёсць розныя сітуацыі.

Выпадак на мяжы

— З “Лотасам на асфальце” звязаная цікавая сцэнка. Я ехаў у Беларусь са сваімі кнігамі, і памежнік іх вывучаў. Прабегся па змесце дыяганальна і папрасіў адкрыць, дзе ёсць словы “праўда” і “люстра”. А гэта ўводзіны, якія пісала Ганна Севярынец. Ён сеў і прачытаў усе ўводзіны. А іх увогуле рэдка чытаюць.

У мяне за спінай стаяла сям’я цыганоў: чалавек сем, якія ехалі ў Беларусь з бауламі. Яны думалі, што іх будуць шманаць больш за ўсіх, але выйшла па-іншаму. Мне нават было перад імі троху няёмка, што беларускі памежнік сядзеў і чытаў прадмову маёй кнігі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі